Б. Абама і А. Дуда правялі двухбаковую сустрэчу
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
08.07.2016 16:06
Амэрыканскі прэзыдэнт: Мы лічым Польшчу адным з найбольш верных саюзьнікаў і адным зь лідараў NATO.
PAP/Leszek Szymański
У першы дзень саміту адбылася двухбаковая сустрэча Анджэя Дуды й Барака Абамы.
«ЗША надалей будуць павялічваць сваю абаронную пазыцыю і магчымасьць адпужваньня. Мы хочам прысутнічаць у Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе», – сказаў Барак Абама пасьля сустрэчы з Анджэем Дудам.
Ён адзначыў, што «каля тысячы амэрыканскіх жаўнераў будзе прысутнічаць у Польшчы па ратацыйнаму прынцыпу, будзе служыць плячо ў плячо з польскімі жаўнерамі». На пачатку наступнага году ў Эўропе будзе новая амэрыканская танкавая брыгада, а яе кіраўніцтва будзе разьмяшчацца ў Польшчы.
Барак Абама падзякаваў палякам за падтрымку ўкраінскіх намаганьняў для абароны сувэрэнітэту і тэрытарыяльнай інтэгральнасьці ў абліччы расейскай агрэсіі. Амэрыканскі прэзыдэнт адзначыў, што важна, каб Украіна атрымлівала дапамогу, і каб узмацняць яе мілітарную, палітычную й гаспадарчую сілу.
Барак Абама і Анджэй Дуда пагадзіліся, што санкцыі супраць Расеі павінны быць захаваныя да моманту, пакуль ня будуць выконвацца менскія пагадненьні.
«Мы лічым Польшчу адным з найбольш верных саюзьнікаў і адным зь лідараў NATO», – працягваў Барак Абама. Паводле яго, факт, што саміт праходзіць у Варшаве, сьведчыць аб пазыцыі Польшчы. Амэрыканскі прэзыдэнт падзякаваў за ваенныя місіі, у якіх Польшча прымае ўдзел.
У сваю чаргу прэзыдэнт Дуда падкрэсьліў, што размова з амэрыканскім прэзыдэнтам была вельмі канструктыўнай. Падчас спатканьня закраналіся «ўсе важныя пытаньні», у гэтым гаворка ішла пра брэксіт і пра наплыў нелегальных мігрантаў. Ён падзякаваў Бараку Абаме за сустрэчу.
«Гэта была добрая размова», – так вынік размовы падвёў Анджэй Дуда. Польскі прэзыдэнт таксама выказаў словы спачуваньня сем’ям, забітых сёньня ноччу амэрыканскіх паліцыянтаў.
ав