У Польшчы пра візыт да лекара будуць нагадваць СМС-паведамленьнем
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
30.06.2016 12:14
СМС-паведамленьне будзе ўтрымліваць дзень і час візыта, а таксама нумар тэлефону паліклінікі.
Здымак мае ілюстрацыйны характар.Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Зь 1 ліпеня ў Польшчы пацыентам, якія запісаліся на прыём да лекара, будуць нагадваць пра візыт СМС-паведамленьнем. Новую паслугу ўводзіць Нацыянальны фонд аховы здароўя, які ў Польшчы адказвае за функцыянаваньне й фінансаваньне з узносаў грамадзян дзяржаўнай службы аховы здароўя.
СМС-паведамленьне будзе ўтрымліваць дзень і час візыта, а таксама нумар тэлефону паліклінікі, па якому неабходна пазваніць і паведаміць пра магчымае непрыбыцьцё на візыт. Пакуль што сыстэма ўводзіцца ў сталічным Мазавецкім ваяводзтве. Тэставаньне працягнецца тры месяцы. У выніку посьпехаў новая сыстэма будзе ўведзеная ва ўсёй Польшчы.
Нацыянальны фонд здароўя зазначае, што не зьяўленьне на запісаны візыт да лекара зьяўляецца сурʼёзнай праблемай дзяржаўнай службы аховы здароўя. Для прыклад, у першым квартале бягучага году ў Мазавецкім ваяводзтве больш за 8,5 тыс. разоў пацыенты не прыйшлі на візыт. У маштабе года гэтая лічба можа скласьці 40 тыс. разоў, што прынясе немалыя страты, а іншых пацыентаў пазбавіць магчымасьці трапіць на прыём да лекара.
У Польшчы інфармаваньне праз СМС-паведамленьні пра візыт да лекара ўжо даўно практыкуецца ў прыватнай мэдыцыне.
вс