Джон Кэры абмяркоўвае „брэксіт” у Брусэлі й Лёндане
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
27.06.2016 09:25
Дзяржсакратар ЗША плянуе аказаць падтрымку абодвум бакам.
Photo: Center for American Progress Action Fund/flickr.com/Commercial use allowed
Вынік рэфэрэндуму ў Вялікабрытаніі паўплываў на зьмену плянаў дзяржсакратара ЗША. У панядзелак раніцай Джон Кэры прыбыў у Брусэль дзеля сустрэчы з кіраўнічкай дыпляматыі ЭЗ Фэдэрыкай Магерыні.
Першапачаткова гэтая сустрэча плянавалася ў нядзелю ў Рыме. Аднак Магерыні заявіла, што ў цяперашняй сытуацыі яна ня можа пакінуць Брусэля.
З Бэльгіі амэрыканскі палітык накіруецца ў Лёндан для перамоваў з міністрам замежных спраў Вялікабрытаніі Філіпам Хамондам, а затым ён вернецца ў Вашынгтон.
Паводле камэнтатараў, Джон Кэры, перш за ўсё, хоча аказаць падтрымку абодвум бакам, а ня даць канкрэтныя ўказаньні ці парады.
Адміністрацыя прэзыдэнта ЗША Барака Абамы лічыць моцны Эўразьвяз гарантам стабільнасьці на кантынэнце й ключавым партнэрам па забесьпячэньні бясьпекі ў нестабільных рэгіёнах сьвету.
Вашынгтон таксама спадзяецца на падтрымку ЭЗ па справе эканамічных санкцый, уведзеных супраць Расеі за яе ролю ў анэксіі Крыма й збройным канфлікце на ўсходзе Ўкраіны.
PAP/IAR/аз