NATO накіруе ў краіны Балтыі й Польшчу чатыры батальёны
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.06.2016 08:17
У агульнай складанасьці ў балтыйскія краіны й Польшчу прыбудзе каля 4,5 тысячы вайскоўцаў.
Photo: PAP/EPA/OLIVIER HOSLET
Паўночнаатлянтычны альянс накіруе ў Польшчу й краіны Балтыі чатыры батальёны войскаў. Пра гэта ў Брусэлі заявіў генэральны сакратар NATO Енс Столтэнберг (Jens Stoltenberg). Такім чынам ён пацьвердзіў ранейшыя паведамленьні польскага Міністэрства нацыянальнай абароны.
Рашэньне па гэтай справе будзе прынятае падчас сустрэчы міністраў абароны краінаў альянсу, якая сёньня пачынаецца ў Брусэлі, а таксама падчас саміту NATO ў Варшаве.
„Мы вырашым адправіць чатыры моцныя, ратацыйныя, шматнацыянальныя батальёны ў краіны Балтыі й Польшчу. Гэта будзе выразны сыгнал, што Паўночнаатлянтычны альянс гатовы абараняць сваіх членаў”, - сказаў Енс Столтэнберг.
Гэта азначае, што ў Польшчу й тры краіны Балтыі ў агульнай складанасьці прыбудзе каля 4,5 тысячы вайскоўцаў. У кожнай з гэтых краін будзе дыслякавацца батальён, у склад якога ўвойдуць жаўнеры, сярод іншага, з ЗША, Вялікабрытаніі, Нямеччыны й Канады. Да гэтага часу менавіта гэтыя краіны пацьвердзілі намер заангажавацца ва ўмацаваньне ўсходняга флянгу NATO ў Эўропе.
Прысутнасьць войскаў на ўсходнім флянгу ня будзе абмежаваная ў часе.
„Не існуе ніякіх сумненьняў, тое, што мы робім, гэта адказ на дзеяньні Расеі ў Крыме ва ўсходняй Ўкраіне”, - сказаў генсакратар альянсу.
У той жа час NATO падкрэсьлівае, што ён хоча працягваць дыялёг з Масквой і давесьці да паседжаньня Рады Расея-NATO яшчэ да ліпеньскага саміту ў Варшаве.
аз