Logo Polskiego Radia
Print

У Польшчы адзначылі 27-ю гадавіну гістарычных выбараў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 04.06.2016 19:34
У варшаўскай маніфэстацыі ўдзел прынялі экс-прэзыдэнты Аляксандр Квасьнеўскі й Браніслаў Камароўскі.
Былыя прэзыдэнты Польшчы Браніслаў Камароўскі (зьлева) і Аляксандр Квасьнеўскі (справа)Былыя прэзыдэнты Польшчы Браніслаў Камароўскі (зьлева) і Аляксандр Квасьнеўскі (справа)PAP/Rafał Guz

У Варшаве прайшла маніфэстацыя, арганізаваная Камітэтам абароны дэмакратыі (Komitet Obrony Demokracji). Масавая акцыя была прысьвечаная часткова свабодным выбарам, якія адбыліся 4 чэрвеня 1989 года. На моцы пагадненьня з уладамі Польскай Народнай Рэспублікі ў Сэйм Польшчы ўдалося выбраць дзеячаў антыкамуністычнай апазыцыі. У сваю чаргу ўпершыню пасьля некалькіх дзесяцігодзьдзяў неіснаваньня быў створаны інстытут Сэнату (верхняй палаты парлямэнту), выбары ў які былі цалкам свабодныя. У выніку большасьць мандатаў сэнатараў атрымалі апазыцыянэры.

Удзел у сёньняшняй маніфэстацыі прынялі былыя прэзыдэнты Польшчы Аляксандр Квасьнеўскі й Браніслаў Камароўскі. На ёй меў прысутнічаць Лех Валэнса, але па невядомых прычынах яго не было.

Мерапрыемствы й масавыя гуляньні, прысьвечаныя выбарам 4 чэрвеня, прайшлі ў многіх гарадах Польшчы, а таксама ў Бэрліне, Брусэлі, Лёндане, Дубліне, Чыкага, Парыжы, Нью-Ёрку й Вашынгтоне.

Камітэт абароны дэмакратыі (КАД) быў створаны пасьля таго, як у канцы мінулага году пасьля перамогі ў парлямэнцкіх выбарах урад стварыла правая партыя «Права й справядлівасьць». КАД лічыць, што польскія ўлады маюць дыктатарскія замашкі й рэгулярна арганізоўвае маніфэстацыі й вулічныя акцыі. У некаторых удзел прымаюць дзясяткі тысяч людзей.

У сваю чаргу цэнтральныя ўлады лічаць, што КАД – гэта новае аблічча апазыцыі, якая ня можа перажыць, што прайграла выбары.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт