Logo Polskiego Radia
Print

Енс Стольтэнбэрг: Саміт NATO ў Варшаве будзе ключавы

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 23.05.2016 08:17
Паводле Генсакратара NATO, дзеяньні Расеі патрабуюць рашучай рэакцыі альянсу.
Photo: Utenriksdepartementet UD/flickr.com/Commercial use allowed

Паводле Генэральнага сакратара Паўночнаатлянтычнага пакту, саміт у Варшаве будзе мець ключавое значэньне для будучыні NATO ў Эўропе.

„NATO прыме ў Варшаве ключавыя рашэньні пра тое, як адрэагаваць на новую сытуацыю, поўную выклікаў у галіне бясьпекі, у тым ліку, агрэсіўнай палітыкі Расеі”, - сказаў Енс Стольтэнбэрг.

Генсакратар NATO дадаў, што ўжо прынятае рашэньне аб павелічэньні ваеннай прысутнасьці войскаў альянсу ва ўсходняй частцы Эўропы, а падчас саміту ў Варшаве па гэтай справе павінны быць прынятыя канчатковыя рашэньні. Стольтэнбэрг падкрэсьліў, што сілы NATO ў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе будуць мець міжнародны характар. Гэта, паводле яго, павінен быць пасыл, што напад на адну краіну на самой справе зьяўляецца нападам на ўвесь альянс.

„Некаторыя саюзьнікі: Злучаныя Штаты Амэрыкі, Вялікабрытанія й Нямеччына ўжо заявілі, што іх жаўнеры ўвойдуць у склад гэтых сілаў”, - сказаў Стольтэнбэрг і нагадаў, што ЗША падвоілі сродкі, прызначаныя на гэтую мэту.

Генэральны сакратар NATO, адзначыў, што гэтыя дзеяньні зьяўляюцца часткай стратэгіі абароны й стрымліваньня, а не правакацыяй канфлікту. Аднак ён прызнаў, што цяперашнія дзеяньні Расеі патрабуюць цьвёрдага адказу NATO.

„Мы бачым, як Расея інвэстуе ва ўзброеныя сілы й зь іх дапамогай спрабуе паказаць сьвету, што яна можа мяняць межы ў Эўропе”, - сказаў Енс Стольтэнбэрг.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт