Logo Polskiego Radia
Print

Разьвітаньне з Нілам Гілевічам – 1 красавіка

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 30.03.2016 10:55
Народны паэт памёр учора вечарам на 85-м годзе жыцьця.
kamunikat.org

Разьвітаньне з народным паэтам Беларусі Нілам Гілевічам, які памёр 29 сакавіка ў Менску на 85-м годзе жыцьця, адбудзецца ў пятніцу, 1 красавіка, з 11 да 13 гадзін, у Сьвята-Петрапаўлаўскім саборы (вул. Ракаўская, 4, станцыя мэтро «Няміга»).

У 13.00 пачнецца памінальная паніхіда. Пахаваны пісьменьнік будзе на Кальварыйскіх могілках сталіцы.

Ніл Гілевіч – заслужаны дзеяч навукі Беларускай ССР (1980), ляўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларускай ССР імя Янкі Купалы (1980), ляўрэат Міжнароднай прэміі імя Х. Боцева (1986), кандыдат філялягічных навук, прафэсар, чалец Саюза пісьменьнікаў СССР (1954).

Ніл Сямёнавіч Гілевіч нарадзіўся 30 верасьня 1931 гады ў вёсцы Слабада Лагойскага раёна Менскай вобласьці ў сялянскай сямʼі.

Скончыў Менскае пэдагагічнае вучылішча імя Н.К.Крупскай (1951), філялягічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта (1956) і асьпірантуру пры ім. У 1951 годзе працаваў настаўнікам у адной са школ Менска, у 1960-1986-я гады – на катэдры беларускай літаратуры БДУ.

З 1958 па 1963 год працаваў таксама літаратурным кансультантам газэты «Звязда». У 1980-1989-я гады – першы сакратар праўленьня Саюза пісьменьнікаў Беларускай ССР. З 1989 года – старшыня ТБМ ім. Францішка Скарыны, галоўны рэдактар бюлетэня ТБМ «Наша слова».

Дэпутат Вярхоўнага Савета XI і XII скліканьняў (1985-1995), старшыня камітэта па адукацыі, культуры й захаваньні гістарычнай спадчыны ў 1990-1995-я гады, чалец Прэзыдыюма Вярхоўнага Савета Беларускай ССР.

Ніл Гілевіч быў апошнім народным паэтам – гэта званьне прысуджалася за асаблівы ўнёсак у разьвіцьцё беларускай літаратуры й стварэньне выдатных твораў. У розны час яго былі ўдастоены Янка Купала, Якуб Колас, Пятрусь Броўка, Аркадзь Куляшоў, Максім Танк, Пімен Панчанка, Рыгор Барадулін і Ніл Гілевіч.

navine.by/ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт