Рэдактары недзяржаўных СМІ зьвярнуліся ў „Белтэлерадыёкампанію”
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
14.02.2016 07:48
Яны хочуць даць адпор абвінавачваньням, якія прагучалі ў „Клюбе рэдактараў” на іх адрас.
Photo: pixabay.com
Ліст з просьбай прадставіць магчымасьць выказацца ў „Клюбе рэдактараў” падпісалі галоўны рэдактар TUT.BY Марына Золатава, шэф-рэдактар „Нашай Нівы” Андрэй Дынько, шэф-рэдактар „Народнай Волі” Сьвятлана Калінкіна, галоўны рэдактар інтэрнэт-газэты „Салідарнасьць” Аляксандр Старыкевіч і старшыня ГА „БАЖ” Андрэй Бастунец.
У лісьце прадстаўнікі СМІ зьвяртаюць увагу на тое, што ў эфіры ад 7 лютага журналістаў недзяржаўных выданьняў неаднаразова згадвалі ў адмоўным сьвятле з выкарыстаньнем мэханізмаў агрэсіўнай прапаганды найгоршага кшталту.
Разам з тым, у перадачы галоўны рэдактар газэты „СБ.Беларусь Сегодня” Павел Якубовіч заклікаў для абмеркаваньня пытаньняў свабоды слова з удзелам усіх зацікаўленых у гэтым бакоў: прадстаўнікоў БАЖ і БСЖ, журналістаў дзяржаўных і недзяржаўных мэдыяў, дзяржаўных службоўцаў.
„Мы гатовыя да дыялёгу, да публічнага дыялёгу, але ці гатовыя да гэтага Вы? Калі так, то мы гатовыя прыняць удзел у „Клюбе рэдактараў”, каб выказаць свой пункт гледжаньня, як па канкрэтных пытаньнях, якія абмяркоўваліся цягам апошніх двух выпускаў, так і наконт ролі й месца СМІ ў сучасным грамадзтве”, – гаворыцца ў звароце.
Зварот на адрас Генадзя Давыдзькі накіраваны ў „Белтэлерадыёкампанію” заказным лістом.
spring96.org/аз