Мінінфарм заклікалі прыняць пазыцыю па зьбіцьці Дабравольскага
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
02.02.2016 06:23
Міністар Лілія Ананіч і яе намесьнік зварот ад журналістаў прыняць адмовіліся.
Павел Дабравольскі дэманструе гематому, узьнікулую ў выніку зьбіцьця АМАПамфота: tut.by
У Міністэрства інфармацыі Беларусі 1 лютага быў перададзены зварот, падпісаны 182 журналістамі, з патрабаваньнем выказаць сваю пазыцыю ў сувязі са зьбіваньнем амапаўцамі карэспандэнта tut.by Паўла Дабравольскага.
Міністар Лілія Ананіч і яе намесьнік Сяргей Хільман, паведамляе сайт грамадзкага абʼяднаньня «Беларуская асацыяцыя журналістаў» (БАЖ), адмовіліся прыняць зварот асабіста й адправілі журналістаў рэгістраваць дакумэнт.
Аўтары звароту просяць міністэрства выказацца наконт недапушчальнасьці перашкоды прафэсійнай дзейнасьці журналістаў, рэалізацыі права грамадзян на атрыманьне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, і давесьці сваю пазыцыю да МУС і яго структурных падразьдзяленьняў.
У звароце журналісты зьвяртаюць увагу на відавочнае парушэньне заканадаўства з боку супрацоўнікаў міліцыі й просяць улады адрэагаваць на сытуацыю.
Зварот таксама перададзены генэральнаму пракурору Аляксандру Канюку. Журналісты заклікаюць яго ўзяць на кантроль паўнату й аб'ектыўнасьць правядзеньня праверкі па заяве Дабравольскага наконт прыцягненьня супрацоўнікаў органаў унутраных спраў да прадугледжанай законам адказнасьці.
Калегі зьбітага журналіста накіравалі некалькі дзясяткаў такіх зваротаў у МУС, ГУУС Менгарвыканкама й Вярхоўны суд. У гэтых зваротах, якія адпраўляліся як у электронным, так і ў пісьмовым выглядзе, журналісты просяць дзяржорганы ўстанавіць асобы вінаватых у нападзе супрацоўнікаў міліцыі й прыцягнуць іх да адказнасьці.
Дабравольскі й грамадзкія актывісты Максім Шыцік і Павел Сяргей былі зьбітыя 25 студзеня ў будынку суда Фрунзенскага раёна Менска падчас слуханьняў па «справе графіцістаў». Тое, што адбывалася за межамі залы суда, здымаў на тэлефон Павел Дабравольскі. Усіх трох супрацоўнікі АМАП заштурхалі ў пакой, дзе зьбівалі на працягу прыкладна 20 хвілін. У той жа дзень зьбітых асудзілі за непавагу да суда, дробнае хуліганства, непадпарадкаваньне патрабаваньням міліцыі й пакаралі буйнымі штрафамі.
Увечары 25 студзеня Дабравольскі і Шыцік напісалі заяву ў міліцыю на дзеяньні супрацоўнікаў, а на наступны дзень зьнялі пабоі ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртыз.
26 студзеня аддзел інфармацыі й грамадзкіх сувязей ГУУС апублікаваў камэнтар, згодна зь якім Павел Дабравольскі «перашкаджаў законным дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі» й не рэагаваў на іх заўвагі.
белапан/вс