Польшча заклікала перавозчыкаў пакінуць тэрыторыю РФ
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
30.01.2016 15:01
Калі бакі не дамовяцца, то з 1 лютага грузавыя перавозкі паміж краінамі будуць спыненыя.
Photo: pixabay.com/CC0 Public Domain
Расейскі бок станоўча адказаў на зварот польскага віцэ-міністра інфраструктуры й будаўніцтва Ежы Шміта, паведаміла польскае ведамства на сваёй інтэрнэт-старонцы.
Гаворка ідзе пра заклік правесьці перамовы, датычныя правілаў узаемных аўтамабільных перавозак і квотаў дазволаў на 2016 год.
На бліжэйшы панядзелак, то бок 1 лютага, заплянаваныя перамовы ў рамках паседжаньня польска-расейскай камісіі па справах міжнароднага аўтамабільнага транспарту.
Сустрэча пройдзе ў Варшаве ў сядзібе Міністэрства інфраструктуры й будаўніцтва. Як паведамляецца на сайце ведамства, станоўчы вынік гэтых перамоваў дазволіць правесьці перамовы віцэ-міністру Ежы Шміту зь яго расейскім калегам. Сустрэча ўступна заплянаваная на аўторак, 2 лютага.
Калі пагадненьне ня будзе дасягнутае, то на наступным тыдні спыняцца аўтамабільныя перавозкі паміж Польшчай і Расеяй.
Польскі бок ня хоча пагадзіцца на расейскую прапанову аб прадаўжэньні да 15 лютага леташняга дазволу, тэрмін дзейнасьці якога мінае 1 лютага.
Палякі тлумачаць, што расейская прапанова ня толькі не вырашае праблему, але пагражае тым, што польскія фуры ня змогуць вярнуцца ў Польшчу.
Ведамства заклікала польскіх перавозчыкаў хутка вяртацца ў краіну, а расейскі бок – не перашкаджаць ім у гэтым.
Адначасова Міністэрства інфраструктуры й будаўніцтва паведаміла, што выдадзена 10 тысяч дазволаў на перавозкі ў Беларусь, таму няма небясьпекі поўнай блякады мяжы.
З 1 лютага ні польскія грузавікі ня змогуць уехаць у Расею, ні расейскія ў Польшчу.
аз