Logo Polskiego Radia
Print

Паміж Мадрыдам і Баготай узьнік канфлікт з-за галеона «San Jose»

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.12.2015 15:23
Патанулы карабель перавозіў скарб, які сёньня ацэньваецца на некалькі мільярдаў даляраў.
Aleksey Gnilenkov/flickr.com

Паміж Мадрыдам і Баготай узьнік канфлікт з-за галеона «San Jose» з XVIII стагодзьдзя. Судна, якое перавозіла скарб, знойдзена ля берагоў Калюмбіі. Сёньняшні кошт скарбу складае некалькі мільярдаў даляраў, паведамляе з Барсэлёны карэспандэнтка Польскага радыё.

Галеон «San Jose» ішоў з Лацінскай Амэрыкі ў Гішпанію. На яго борце знаходзілася 200 тон золата, серабра ды каштоўных камянёў. У 1708 годзе ля астравоў Расарыё (Islas Corales del Rosario) на галеон напалі брытанцы й яго затапілі.

Аб знаходцы асабіста паведаміў прэзыдэнт Калюмбіі Хуан Мануэль Сантас (Juan Manuel Santos). Месца, дзе знаходзіцца патанулы галеон, трымаецца ў сакрэце. Калюмбія зазначае, што скарб зьяўляецца яе ўласнасьцю. У сваю чаргу Мадрыд аргумэнтуе, што галеон плаваў пад гішпанскім сьцягам, а гэта азначае, што й карабель, і груз зьяўляюцца ўласнасьцю Гішпаніі.

Хутчэй за ўсё пасярэднікам у перамовах паміж краінамі будзе ЮНЭСКА.

вс

фота мае ілюстрацыйны характар

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт