Востры дыпляматычны канфлікт паміж Ізраілем і Швэцыяй
PR dla Zagranicy
Jolanta Śmiałowska
07.12.2015 09:46
Прычынай стала выказваньне кіраўнічкі швэдзкай дыпляматыі Маргот Вальстром.
Foto: Wojciech Cegielski/ PR
У пятніцу яна асудзіла атакі палестынскіх баявікоў на ізраільцян, аднак адзначыла, што адказ Ізраіля зьяўляецца неадпаведным, і што праводзяцца пазасудовыя экзэкуцыі. Паводле Вальстром, доказам зьяўляецца факт, што колькасьць ахвяр па адным баку значна перавышае колькасьць ахвяр па другім.
Цягам апошніх двух месяцаў у выніку палестынскіх нападаў загінулі 17 ізраільцян і двое іншаземцаў. Па палестынскім баку за гэты час загінула больш за 100 чалавек. Значная частка памерла падчас нападу, астатнія ў выніку сутыкненьняў з ізраільскай арміяй.
Прэм’ер Ізраіля Біньямін Нэтаньяху раскрытыкаваў Маргот Вальстром, заяўляючы: "Швэдзкая міністарка хацела б, каб мы падстаўлялі глоткі тым, хто хацеў бы іх перарэзаць. Гэтага ня будзе". Таксама прэс-сакратар ізраільскага МЗС назваў выказваньне Вальстром "абуральным, пагардлівым і адарванымі ад рэальнасьці".
Швэдзкае МЗС спрабуе супакоіць сытуацыю, патлумачыўшы, што міністар не абвінавачвае Ізраіль у пазасудовых пакараньнях сьмерцю, а толькі прадставіла агульную заяву па міжнароднаму праву й выказала меркаваньне наконт права на самаабарону.
Тым ня менш, швэдзкая апазыцыя абвясьціла, што яна будзе патрабаваць ад Маргот Вальстром растлумачыць свае словы.
У кастрычніку мінулага года Швэцыя афіцыйна прызнала палестынскую дзяржаву. Рашэньне выклікала задавальненьне Палестынскай аўтаноміі, Ізраіль асудзіў яго.
яс