Летува ўвяла аплаты за праезд расейскіх грузавікоў
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
04.12.2015 07:11
Падставай для гэтага стаў пачатак дзеяньня сыстэмы збору платы з фураў на тэрыторыі РФ.
Ray Forster/flickr.com
Улады Летувы прынялі рашэньне ўвесьці плату за праезд па летувіскіх дарогах для зарэгістраваных у Расеі грузавікоў. Падставай для гэтага стаў пачатак дзеяньня сыстэмы збору платы з фураў на тэрыторыі РФ.
Як паведамляе Міністэрства транспарту й сувязі Летувы, з грузавікоў замежных аўтаперавозчыкаў у Летуве дарожны збор спаганяецца з 2005 года, аднак расейскія дальнабойнікі ад яго былі вызваленыя ў адпаведнасьці зь міжурадавым пагадненьнем 1993 года. Аналягічнай ільготай паводле той жа дамовы карысталіся й летувіскія грузавікі ў Расеі.
"Расея ўвяла фэдэральную дарожную плату для летувіскіх перавозчыкаў, хоць паводле двухбаковага пагадненьня перавозчыкі дзьвюх краін былі вызваленыя ад такіх збораў. Для перавозчыкаў павінны быць створаны роўныя ўмовы, таму аналягічная плата будзе спаганяцца і ў Летуве", - патлумачыў намесьнік міністра транспарту й сувязі Саўлюс Гірдаўскас.
Новы збор пачнуць спаганяць з расейскіх грузавікоў з 15 сьнежня 2015 года.
Цяпер кошт сутачнага праязнога, што дае права грузавікам перасоўвацца па аўтамагістралі ў Летуве, складае 11 эўра, кошт тыднёвага праязнога - ад 37 да 52 эўра (гэта залежыць ад таго, якому экалягічнаму клясу адпавядае грузавік). Гадавы праязны абыйдзецца ў суму ад 753 да 1071 эўра.
postimees.ee/вс