Logo Polskiego Radia
Print

Амэрыканцы выдаткуюць $350 млн на сваю базу ў Польшчы

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 03.12.2015 14:32
База ў Польшчы будзе элемэнтам глябальнага антыракетнага шчыта ЗША.
U.S. Missile Defense Agency/flickr.com

350 млн даляраў выдаткуюць амэрыканцы на стварэньне на тэрыторыі Польшчы базы, якая стане элемэнтам глябальнага антыракетнага шчыта ЗША. Яна будзе створаная ў вёсцы Радзікова (Radzikowo) каля горада Слупск (Słupsk) у Паморскім ваяводзтве на поўначы краіны.

Амбасадар ЗША ў Польшчы Пол Джонс (Paul Jones) сказаў, што амэрыканскія ваеннаслужачыя прыбудуць у базу пасьля таго, як завершыцца яе будаўніцтва.

П.Джонс: Пакуль што мне цяжка сказаць, калі яны прыедуць, але вядома, што пэрсанал базы будзе складацца са 100-300 чалавек.

Будаўніцтва базы пачнецца вясной 2016 года. Палкоўнік інжынэрных войскаў ЗША Мэт’ю Тайлер (Matthew Tyler) сказаў карэспандэнту Польскаму радыё, што першыя спэцыялісты прыбудуць у Радзікова літаральна празь некалькі тыдняў.

М.Тайлер: Амэрыканскія спэцыялісты прыедуць у студзені 2016 года. Іх задачай будзе набор на працу польскіх інжынэраў. Група будзе складацца прыкладна з 200 чалавек.

Амэрыканцы заявілі, што на пераломе 2015 і 2016 гадоў аб’явяць тэндары для кампаній, якія прымуць удзел у будаўніцтве базы. У тэндарах змогуць прыняць удзел таксама польскія фірмы. У прыватнасьці, яны будуць будаваць дарогі, армейскія аб’екты ды інфраструктуру. На гэтую мэту прызначаецца 100 млн даляраў. Астатнія 250 млн даляраў будуць выдаткаваныя на ўзьвядзеньне інфраструктуры, якая непасрэдна зьвязаная з функцыянаваньнем ракетнай часткі базы. Гэтым зоймуцца амэрыканскія кампаніі.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт