Прэмія імя Андрэя Сахарава „За свабоду думкі” прысуджана блёгеру з Саўдаўскай Арабіі Раіфу Бадаві, які знаходзіцца ў турме па абвінавачаньні ў абразе ісламу. Пра гэта было сёньня паведамлена ў Эўрапейскім парлямэнце ў Страсбурзе.
Раіф Бадаві ўваходзіў у шорт-ліст кандыдатаў. Акрамя яго, у якасьці ляўрэата ўзнагароды Эўрапарлямэнту разглядаўся Барыс Нямцоў (пасьмяротна) ды вэнэсуэльская апазыцыя. Імя й прозьвішча пераможцы аб’явіў старшыня Эўрапарлямэнту Марцін Шульц. Са Струсбурга паведамляе карэспандэнт Польскага радыё Анджэй Гэбэр.
А.Гэбэр: У мінулым годзе Раіф Бадаві трапіў пад суд за прапагандаваньне каштоўнасьцей, якія пярэчаць ісламу. Суд вынес прыгавор: 10 гадоў турмы, 1 тыс. удараў бізуном ды штраф у памеры 260 тыс. даляраў. Абвяшчаючы прозьвішча ляўрэата, Марцін Шульц падкрэсьліў адвагу Бадаві ў змаганьні за свабоду думкі. Старшыня Эўрапарлямэнту заклікаў караля Саудаўскай Арабіі памілаваць Раіфа Бадаві й вызваліць яго з турмы, каб ён мог асабіста прыняць узнагароду. Матэрыяльная частка ўзнагароды – гэта 50 тыс. эўра.
Цырымонія ўручэньня прэміі за 2015 год адбудзецца 16 сьнежня ў Страсбурзе.
Раіф Бадаві быў арыштаваны ў 2012 годзе. Паводле суда, ён абразіў іслам праз каналы электроннай сувязі.
Першыя 50 удараў бізуном ён перанёс у студзені бягучага году. Аднак пасьля жорсткай крытыкі з боку міжнародных структур далейшая частка цялеснага пакараньня была адкладзеная. Афіцыйна было паведамлена, што нібыта з-за стану здароўя зьняволенага.
Раіф Бадаві прызнаны міжнароднымі праваабарончымі арганізацыямі вязьнем сумленьня.
Раіф Мухамад Бадаві нарадзіўся ў 1984 годзе. Ён зьяўляецца пісьменьнікам, блёгерам і грамадзкім актывістам у Саудаўскай Арабіі, стваральнікам сайта Free Saudi Liberals. Бацька траіх дзяцей. Перад прысудам ён затрымліваўся саудаўскімі ўладамі некалькі разоў.
Саудаўская Арабія – гэта адна з шасьці ў сьвеце абсалютных манархій і адна з двух (разам з Ватыканам) тэакратычных манархій. Жыцьцё ў краіне рэгулюецца шарыятам, тут адсутнічае свабода слова, дэмакратыя ды асноўныя правы чалавека. Акрамя таго, правы жанчын практычна не існуюць, ім, напрыклад, забаронена вадзіць аўтамабіль, а без дазволу мужчыны яны ня могуць выходзіць з дому, вучыцца ў ВНУ й г.д.
Прэмія Эўрапарлямэнту „За свабоду думкі” імя Андрэя Сахарава была заснаваная ў 1988 годзе для ўзнагароджваньня грамадзян альбо арганізацый, якія змагаюцца за правы чалавека й асноўныя свабоды. Сярод беларусаў таксама ёсьць ляўрэаты: Беларуская асацыяцыя журналістаў за 2004 год і Аляксандар Мілінкевіч за 2006 год.
Паводле яго словаў, прэмія імя Сахарава – гэта перш за ўсё важная маральная падтрымка.
А.Мілінкевіч: Як правіла, такія прэміі прызначаюцца прадстаўнікам тых краінаў, дзе ёсьць праблемы з дэмакратыяй і правамі чалавека. Гэта перш за ўсё высокая маральная падтрымка ўсёй аб'яднанай Эўропы, падтрымка тых, хто змагаецца за годнае жыцьцё.
Гэта таксама абарона ад рэпрэсій для такіх людзей. Кожная краіна павінна сама вырашаць свае праблемы, але падтрымка міжнароднай супольнасьці, асабліва дэмакратычнай Эўропы, зьяўляецца вельмі важнай, і гэта я ведаю па сабе.
Яшчэ да ўручэньня прэміі часопіс “Newsweek Polska” прысьвяціў артыкул Раіфу Бадаві й сытуацыі ў Саудаўскай Арабіі, дзе парушаюцца элемэнтарныя правы чалавека. Дык вось, там зазначалася, што ўлады ў Эр-Рыядзе за гэта не крытыкуюцца альбо крытыкуюцца ўмерана, бо Саудаўская Арабія – гэта найбуйнейшы ў сьвеце вытворца нафты ды найбліжэйшых саюзьнік ЗША на Блізскім Усходзе. Вось і атрымліваецца, дэмакратыя-дэмакратыяй, але геапалітычныя інтарэсы й «чорнае золата» – заўсёды на першым месцы.
Валеры Саўко