Logo Polskiego Radia
Print

Расейцы ўхваляюць пяты тэрмін Лукашэнкі

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 28.10.2015 08:30
Паводле апытаньня, расьце ўпэўненасьць у паляпшэньні адносінаў паміж Расеяй і Беларусьсю.
flickr.com

Амаль дзьве траціны расейцаў ня бачаць нічога дрэннага ў тым, што Аляксандaр Лукашэнка быў абраны прэзыдэнтам Беларусі ў пяты раз. Пра гэта сьведчаць вынікі апытаньня, праведзенага фондам „Грамадзкая думка” (фонд „Общественное мнение”).

Выбары прэзыдэнта Беларусі адбыліся 11 кастрычніка. Іх выйграў Лукашэнка, атрымаўшы 83,5% галасоў выбаршчыкаў, якія прынялі ўдзел у галасаваньні.

65% апытаных ня бачаць у пятым пераабраньні беларускага кіраўніка нічога дрэннага. Толькі 14% лічаць, што Лукашэнка не павінен так доўга знаходзіцца пры ўладзе.

Таксама, паводле дадзеных дасьледаваньня, расейцы сталі менш заўважаць рознагалосьсі паміж краінамі саюзнай дзяржавы. Амаль палова апытаных (43%) не заўважае ніякіх ускладненьняў у адносінах. Два гады таму гэты паказчык складаў 18%.

Расьце ўпэўненасьць, што двухбаковыя адносіны паміж Расеяй і Беларусьсю паляпшаюцца. Так лічаць 26% апытаных, у параўнаньні з 9% два гады таму. Асновай дзеля гэткага меркаваньня рэспандэнты лічаць заключаныя дагаворы і ўмацаваньне кантактаў паміж лідарамі дзьвюх краін.

ria.ru/аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт