Міклаш Харасьці: на выбарах у Беларусі былі падтасоўкі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
14.10.2015 09:20
На думку спэцдакладчыка ААН вынікі выбараў былі падтасаваныя, а сам працэс галасаваньня прайшоў з парушэньнямі.
spring96.org
На думку спэцдакладчыка ААН па сытуацыі з правамі чалавека ў Беларусі Міклаша Харасьці, вынікі выбараў прэзыдэнта, на якіх у пяты раз перамог дзеючы кіраўнік Аляксандр Лукашэнка, былі падтасаваныя, а сам працэс галасаваньня прайшоў з парушэньнямі.
«Такія высокія лічбы ніколі не дасягаліся ў ходзе выбараў у Эўропе з моманту спыненьня існаваньня Савецкага Саюза. У дакумэнтах назіральнікаў падкрэсьлена, што нават чацьвёра сутак прымусовага галасаваньня зьняволеных, прызыўнікоў і дзяржслужачых, якія былі пазначаныя як «датэрміновае галасаваньне», не маглі прывесьці да такіх лічбаў», - прыводзіць РІА Навіны словы Харасьці.
Спэцдакладчык ААН вітаў той факт, што цяперашнія выбары прайшлі без гвалту - у адрозьненьне ад выбараў 2010 года, але адзначыў заявы пра шматлікія парушэньні, уключаючы ўкіды й выкарыстаньне мэтаду «каруселі» пры галасаваньні.
«Выбарчы працэс быў арганізаваны, а вынік прадвызначаны», - прыйшоў да высновы Харасьці.
naviny.by/ав