Logo Polskiego Radia
Print

Лукашэнка памілаваў палітвязьняў

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 22.08.2015 21:04
Сярод іх ёсьць і Мікалай Статкевіч.

Аляксандар Лукашэнка памілаваў шасьцярых палітвязняў: Мікалая Дзядка, Ігара Аліневіча, Міколу Статкевіча, Яўгена Васьковіча, Арцёма Пракапенку й Юрыя Рубцова. Пра гэта паведамляе агенцтва БелТА са спасылкай на Адміністрацыю кіраўніка краіны. У паведамленьні адзначаецца, што рашэньне аб іх памілаваньне кіруецца “прынцыпам гуманізму”.

Мікола Статкевіч быў кандыдатам у прэзыдэнты на выбарах 2010 года й атрымаў шэсьць гадоў турмы нібыта за арганізацыю масавых беспарадкаў на плошчы Незалежнасьці. З вызначанага тэрміну пакараньня ён адбыў за кратамі чатыры з паловай гады.

Мікалай Дзядок, Яўген Васьковіч, Ігар Аліневіч і Арцём Пракапенка былі фігурантамі гэтак званай “справы анархістаў” і атрымалі розныя турэмныя тэрміны.

Юрый Рубцоў быў затрыманы пасьля Чарнобыльскага шляху-2014 за зьяўленьне там у майцы з надпісам “Лукашэнка, сыходзь”. Атрымаў паўтара года турмы.

Нагадаем, што размова аб вызваленьні палітвязьняў ішла падчас інтэрвію недзяржаўным СМІ. Тады Лукашэнка сказаў пра магчымасьць вызваленьня Статкевіча да выбараў. Падчас інтэрвію ён зацікавіўся й лёсам Рубцова.

Жонка Статкевіча Марына Адамовіч паведаміла, што пакуль ня ведае пра час вызваленьня, бо Мікалай ёй яшчэ не тэлефанаваў.

эўрарадыё/вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт