Белкаапсаюз нарошчвае экспарт у краіны Эўразьвязу і ў Азію, паведаміла начальнік аддзела зьнешнеэканамічнай дзейнасьці Белкаапсаюза Тацьцяна Зубрыцкая.
Паводле яе, для зьніжэньня нэгатыўнага ўплыву дэвальвацыі расейскага рубля Белкаапсаюз значна актывізаваў экспартныя пастаўкі ў краіны ЭЗ і Азіі.
У выніку доля краін ЭЗ (Нямеччына, Італія, Латвія, Летува, Нідэрлянды, Польшча, Вялікабрытанія, Фінляндыя, Францыя, Эстонія) у аб'ёмах экспартных продажаў у першым паўгодзьдзі 2015 году павялічана з 21,6% да 39,5%, доля краін Азіі (Кітай, Туркмэністан і інш.) - з 1,9% да 8,5%.
Па выніках работы па дывэрсыфікацыі рынкаў збыту пашырылася геаграфія экспартных паставак, у першым паўгодзьдзі тавары экспартаваліся ў 18 краін сьвету, а таксама ў 49 расейскіх рэгіёнаў. Пры гэтым забясьпечана дадатная дынаміка экспартных паставак на асноўныя рынкі: у Расею - 108,1% да ўзроўню першага паўгодзьдзя 2014 году (з $12,4 млн да $13,4 млн), у краіны Эўразьвязу - 291,4 % (з $3,5 млн да $10,2 млн), у краіны Азіі - у 7 разоў (з $0,3 млн да $2,2 млн).
У цэлым Белкаапсаюз экспартаваў у першым паўгодзьдзі тавары на $25,8 млн, тэмп росту да аналягічнага пэрыяду мінулага году склаў 159,3%. Сальда зьнешняга гандлю склалася дадатнае $10,9 млн.
Так, экспарт пушніны ў першым паўгодзьдзі павялічаны ў 6 разоў, агародніны й фруктаў - у 2 разы, мяса - у 1,5 раза, дзікарослай прадукцыі - у 1,6 раза.
Летам адной з асноўных экспартных крыніц для спажыўкаапэрацыі зьяўляецца дзікарослая прадукцыя. Так, у гэтым годзе ўжо нарыхтавана больш як 2,5 тыс. т чарніц, асноўная доля ягад пасьля адпаведнай перапрацоўкі (ачысткі, шокавай замарозкі й расфасоўкі) будзе адпраўлена на экспарт.
Паводле слоў Тацьцяны Зубрыцкай, у ліпені ў краіны Эўразьвязу пастаўлена 350 т чарніц больш як на 700 тыс. эўра. Гэта ў 8 разоў больш, чым у ліпені 2014 году.
belta.by/аз