Logo Polskiego Radia
Print

Лех Валэнса за адзін выклад бярэ 100 тыс. даляраў (ФОТА)

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 08.08.2015 18:50
З чаго жывуць былыя прэзыдэнты Польшчы?
fot. sxc.hu

У чацьвер, 6 чэрвеня, пасаду прэзыдэнта Польшчы заняў Анджэй Дуда. Да яго галавой польскай дзяржавы быў Браніслаў Камароўскі, які пасаду лідара краіны займаў толькі адзін тэрмін паўнамоцтваў. Чым займаюцца й за што жывуць былыя прэзыдэнты Польшчы?

Andrzej
Andrzej Duda. Photo: PAP/Jacek Bednarczyk

Нагадаем, падчас выбараў прэзыдэнта Польшчы, якія прайшлі ў траўні, за Анджэя Дуду прагаласавалі 51,55% выбаршчыкаў, за Камароўскага – 48,45%. Дуда зьяўляецца прадстаўніком партыі правай арыентацыі «Права й справядлівасьць», а Браніслаў Камароўскі – права-лібэральнай «Грамадзянскай плятформы». Нагадаю таксама, што Камароўскаму 63 гады, а Дудзе – 43.

foto:
foto: PAP/Bartłomiej Zborowski

Перадвыбарчыя апытаньні сьведчылі пра тое, што выбары выйграе Камароўскі. Ён пэўна таксама ў гэта верыў і ў тое, што застанецца жыць у варшаўскім прэзыдэнцкім палацы «Бэльвэдэр», бо здаў фірме сваю 159-мэтровую кватэру ў цэнтры сталіцы ажно на 10 гадоў – менавіта столькі працягваюцца два прэзыдэнцкія тэрміны. Пакуль што Браніслаў Камароўскі з жонкай Аннай будзе жыць у невялікай віле, якая зьяўляецца ўласнасьцю Канцылярыі прэзыдэнта Польшчы, да моманту, пакуль ня вырашыцца пытаньне кватэры, якую ён здаў у арэнду.
Ці былы прэзыдэнт Польшчы павінен клапаціцца пра будучыню й перажываць за тое, з чаго будзе жыць? Адназначна можна сказаць, што не. Пасьля завяршэньня прэзыдэнцкіх паўнамоцтваў кожны галава дзяржавы атрымлівае кампэнсацыю, якая складае 60 тыс. злотых (гэта прыкладна 15 тыс. эўра). Акрамя таго, былы кіраўнік краіны атрымае штомесячную пэнсію: на рукі гэта больш за 6 тыс. злотых (1,5 тыс. эўра). Больш за тое, пажыцьцёва дзяржава выплачвае былому прэзыдэнту 12 тыс. злотых (3 тыс. эўра) на офіс, у тым ліку на працаўладкаваньне офісных работнікаў. Зь дзяржаўнага бюджэту таксама пажыцьцёва выдзяляецца кругласутачная ахова ў складзе афіцэраў Бюро аховы ўраду ды лімузын з шафёрам. Былому прэзыдэнту ды бліжэйшай сям’і таксама запэўніваецца мэдычная апека ва ўрадавай паліклініцы. Дарэчы, цікавы факт: былы прэзыдэнт мае права на бясплатнае перамяшчэньне гарадзкім транспартам па месцы свайго пражываньня. Аднак гэты прывілей можна назваць крыху кур’ёзным, бо, па-першае, было б нечым дзіўным сустрэць былога галаву дзяржавы ў перапоўненым аўтобусе ці трамваі, а па-другое, навошта езьдзіць на гарадзкім транспарце, калі ёсьць бясплатны й камфортны лімузын.
Згаданыя прывілеі ахопліваюць ня толькі Браніслава Камароўскага, але таксама іншых былых прэзыдэнтаў: Леха Валэнсу й Аляксандра Квасьнеўскага, а да нядаўняга часу таксама Войцеха Ярузэльскага, які памёр некалькі месяцаў таму.

(fot.
(fot. wikipedia)

Чым будзе займацца былы прэзыдэнт Камароўскі? Сам ён пакуль пра пляны нічога ня кажа, а экспэрты высоўваюць тры варыянты: альбо застанецца пэрсанальным пэнсіянэрам, альбо ўзначаліць сваю партыю «Грамадзянская плятформа» й стане дэпутатам Сэйму, альбо падасца ў сэнатары. Які сцэнар спраўдзіцца, акажацца восеньню, калі ў Польшчы пройдуць парлямэнцкія выбары.

PAP/Jakub
PAP/Jakub Kamiński

Іншыя прэзыдэнты Польшчы – Лех Валэнса й Аляксандар Квасьнеўскі, – таксама не галадаюць. Нядаўна стала вядома, што Валэнса за адзін прачытаны выклад бярэ да 100 тыс. даляраў! Мінімальная стаўка – гэта 10 тыс. даляраў. Зразумела, за выклады плацяць замежныя кліенты, і калі былы прэзыдэнт Польшчы накіроўваецца за мяжу, то за дарогу ды пражываньне плаціць заказчык. Канешне ж, Валэнса падарожнічае толькі першым альбо бізнэс-клясам і пражывае ў найдаражэйшых гатэлях. Зрэшты, былы кіраўнік Польшчы не скрывае сваёй схільнасьці да багатага й люксавага жыцьця. А нядаўна ён абурыў многіх палякаў, калі заявіў, што прэзыдэнцкая пэнсія (нагадаем, 1,5 тыс. эўра) вельмі малая, і што яму не хапае грошай на падарункі для сям’і й адпачынак. Для параўнаньня: мінімальная пэнсія ў Польшчы складае каля 220 эўра.

wikimedia.org
wikimedia.org

Але найбольшы нос да інтарэсаў мае Аляксандар Квасьнеўскі. Ён таксама выступае з выкладамі, зьяўляецца дарадчыкам урадаў і засядае ў якасьці дарадчыка ў міжнародных карпарацыях, дзе зарплаты ідуць у тысячах эўра. Квасьнеўскі мае таксама свой фонд. Некалькі гадоў таму ў Польшчы разгарэўся скандал, калі аказалася, што ўкраінскі алігарх Віктар Пінчук перадаў у яго фонд 250 тыс. эўра. Камэнтатары зазначалі, што былы прэзыдэнт не павінен браць грошы ад бізнэсмэнаў з-за мяжы, і тым больш ад людзей зь няясным мінулым. Аляксандра Квасьнеўскага таксама крытыкавалі за дапамогу прэзыдэнту Казахстана Нурсултану Назарбаеву, якога называюць «азіяцкім Лукашэнкам». Аказалася, што былы польскі прэзыдэнт, а таксама іншыя былыя эўрапейскія лідары бралі па 300 тыс. эўра ад уладаў у Астане за стварэньне пазытыўнага вобраза Казахстана ў сьвеце.

Валеры Саўко


Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт