У Беларусі ўвядуць сыстэму дынамічнага ўзважваньня транспартных сродкаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
22.07.2015 08:30
Атрыманая інфармацыя будзе паступаць у транспартную інспэкцыю.
fot. Kolanin/Wikimedia Commons
Сёлета ў Беларусі пачнецца рэалізацыя інвэстыцыйнага праекта дынамічнага ўзважваньня транспартных сродкаў на асобных аўтатрасах. Пра гэта 21 ліпеня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску паведаміў начальнік транспартнай інспэкцыі Міністэрства транспарту й камунікацый Леанід Лемеш.
Паводле яго, рэалізацыяй праекта будзе займацца прадпрыемства „Менскаўтадар - Цэнтр”, якое абслугоўвае дарогі Менскай вобласьці. Транспартная інспэкцыя Мінтранса будзе выконваць у праекце функцыі кантролю.
„Вага транспарту будзе фіксавацца ў дынамічным рэжыме, атрыманая ж інфармацыя будзе паступаць па спэцыяльных каналах сувязі ў транспартную інспэкцыю. У выніку мы зможам ажыцьцяўляць не суцэльны, а выбарачны кантроль транспартных сродкаў, па якіх назіраецца перавышэньне габарытаў”, - адзначыў Лемеш.
Вагагабарытны кантроль за праездам цяжкаважкіх і буйнагабарытных транспартных сродкаў па аўтамабільных дарогах агульнага карыстаньня транспартная інспэкцыя выконвае на стацыянарных і перасоўных пастах. У студзені-чэрвені 2015 году спэцыялісты праводзілі вымярэньні на 194 абсталяваных пляцоўках, разьмешчаных у паласе адводу аўтамабільных дарог. За першае паўгодзьдзе на пастах вагагабарытнага кантролю ўзважана амаль 32 тыс. транспартных сродкаў і выяўлена пры гэтым больш за 2,8 тыс. адзінак транспарту (8,9%), з перавышэньнем дапушчальных вагагабарытных парамэтраў.
belapan.com/nn.by/аз