«Правы сэктар» забарыкадаваўся ў Мукачаве
PR dla Zagranicy
Valery Sauko
12.07.2015 11:25
Байцы «Правага сэктара» гатовыя здацца толькі па камандзе свайго лідара Зьмітра Яраша.
PAP/EPA/ANASTASIA VLASOVA
СБУ й МУС Украіны гатовыя прыняць усе меры для затрыманьня групы, якая адкрыла стральбу ў суботу ў Мукачаве што ў Закарпацкай вобласьці, гаворыцца ў заяве сілавікоў.
«Гэтыя злачынцы забілі аднаго й паранілі чатырох грамадзянскіх асоб. Параненыя таксама шэсьць праваахоўнікаў, адзін зь якіх знаходзіцца ў цяжкім стане. Стрэлам з гранатамётаў і кулямётаў бандыты зьнішчылі тры міліцэйскія машыны. Улічваючы небясьпеку для жыхароў вёскі, у раёне якой забарыкадаваліся так званыя «байцы» «Правага сэктара», ажыцьцяўляецца эвакуацыя мірных грамадзян, у першую чаргу – дзяцей», – гаворыцца ў заяве СБУ і МУС.
Разам з тым, каб прадухіліць магчымае кровапраліцьце, праваахоўнікі патрабуюць ад незаконнага ўзброенага фарміраваньня скласьці зброю й здацца.
СМІ паведамляюць, што мітынгі актывістаў «Правага сэктара» праходзяць у некалькіх гарадах Украіны, у тым ліку ў Кіеве, Львове, Днепрапятроўску й Харкаве.
Заблякаваныя ў Закарпацьці байцы «Правага сэктара» гатовыя здацца толькі па камандзе лідара арганізацыі Зьмітра Яраша. Сам Яраш перакананы, што яго прыхільнікі дзейнічалі ў рамках самаабароны, і запатрабаваў адстаўкі міністра ўнутраных справаў Украіны Арсена Авакава.
Паводле дадзеных пракуратуры Закарпацкай вобласьці, канфлікт у Мукачаве пачаўся пасьля таго, як «20 узброеных асоб у камуфляжнай форме з надпісамі «Правы сэктар» і адпаведнымі налепкамі на аўтамабілях, з мэтай разьмеркаваньня сфэр уплыву, прызначылі сустрэчу мясцовым жыхарам у адной з кавярняў». Як адзначаюць у ведамстве, удзельнікі сустрэчы не змаглі прыйсьці да згоды й адкрылі стральбу.
вс