Лукашэнка: На заходніх межах Беларусі актывізаваліся ворагі
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
30.06.2015 10:28
Cупрацоўнікамі КДБ назіраецца актыўнасьць заходніх спэцслужбаў у дачыненьні да Беларусі.
PAP
У панядзелак 29 чэрвеня прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка прыняў з дакладам старшыню КДБ Валерыя Вакульчыка, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідара.
Валерый Вакульчык адзначыў, што на бліжэйшую пэрспэктыву ў Беларусі адзначаецца ў цэлым спрыяльная абстаноўка ў дачыненьні да нацыянальнай бясьпекі. Зьнешніх пагроз, якія б патрабавалі неадкладных мер рэагаваньня, не назіраецца.
У сваю чаргу Аляксандар Лукашэнка выказаў заклапочанасьць у сувязі з сытуацыяй на Ўкраіне. У прыватнасьці станам прымежнай зоны з дадзенай краінай, якая не ў поўнай меры кантралюецца сіламі дзяржаўнай бясьпекі Ўкраіны.
Кіраўнік КДБ растлумачыў, што сапраўды існуе рызыка паступленьня агнястрэльнага ўзбраеньня ў Беларусь у сувязі з сытуацыяй на Ўкраіне, аднак прынятыя меры гарантуюць зьніжэньне дадзенай пагрозы да мінімальнага ўзроўню.
У той жа час старшыня КДБ падкрэсьліў, што Дзяржаўным памежным камітэтам, Міністэрствам унутраных спраў Беларусі прымаюцца адэкватныя меры рэагаваньня па ўзмацненьні паўднёвых рубяжоў і гэта дае вынікі.
Таксама Валерый Вакульчык паведаміў, што супрацоўнікамі КДБ назіраецца актыўнасьць заходніх спэцслужбаў у дачыненьні да Беларусі. У той жа час кіраўнік камітэта дзяржбясьпекі запэўніў прэзыдэнта, што сілавымі структурамі рэспублікі робяцца адэкватныя меры, для таго каб не дапусьціць якіх-небудзь пагроз, якія могуць узьнікнуць з улікам сучаснай зьнешнепалітычнай сытуацыі.
Белта/ав