Logo Polskiego Radia
Print

Палякі ўсё больш баяцца тэрарызму

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 08.04.2015 16:27
Дзеля павышэньня ўзроўню бясьпекі краіны яны гатовыя ісьці на саступкі.
pixabay.com/CC0 Creative Commons

Паводле апытаньня, праведзенага Цэнтрам дасьледаваньня грамадзкай думкі (CBOS), больш чым палова палякаў лічыць пагрозу з боку тэрарызму ў краіне большай, чым яшчэ некалькі гадоў таму. Зьменшылася таксама колькасьць рэспандэнтаў, якія сьцьвярджаюць, што тэрарызм – гэта перабольшаная пагроза.

Тэракту часьцей чым мужчыны баяцца жанчыны, а таксама старэйшыя асобы й тыя, якія прымаюць актыўны ўдзел у рэлігійных абрадах.

Рэспандэнты ў цэлым скептычна ставяцца да кампэтэнцыяў польскага ўрада й дзяржаўных інстытутаў у сфэры бясьпекі. 55% лічаць, што дзяржава ненайлепш падрыхтаваная, каб прадухіліць тэрарыстычныя атакі.

Палякі гатовыя пагадзіцца зь некаторымі абмежаваньнямі грамадзянскіх свабод або дадатковымі выдаткамі, каб павысіць узровень бясьпекі краіны.

Большасьць рэспандэнтаў (86%) пагадзілася б на ўзмацненьне памежнага кантролю ў аэрапортах і на чыгуначных вакзалах. 59% бяруць пад увагу магчымасьць узмацненьня жорсткасьці міграцыйнага заканадаўства. Столькі ж рэспандэнтаў пагаджаюцца на павелічэньне выдаткаў на бясьпеку.

У сваю чаргу 57% апытаных палякаў не згаджаюцца з тым, каб дзяржаўныя ўстановы абмяжоўвалі доступ грамадзтва да інфармацыяў аб тэрарыстычнай пагрозе ў краіне.

Найбольшы пратэстны настрой выклікае ідэя павелічэньня паўнамоцтваў органаў улады ў галіне нагляду за грамадзянамі. Супраць кантролю перапіскі выступае 74% рэспандэнтаў, а праслухоўваньня тэлефонных размоў - 72% апытаных.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт