Logo Polskiego Radia
Print

Польская “Іда” ўзнагароджана “Оскарам”

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 23.02.2015 07:50
Вялікі посьпех польскага кіно.
Paweł Pawlikowski

Paweł Pawlikowski PAP/EPA/PAUL BUCK

Стужка “Іда” рэжысэра Паўла Паўлікоўскага атрымала “Оскар” у катэгорыі “найлепшы фільм на замежнай мове”. 87 урачыстасьць уручэньня ўзнагарод Амэрыканскай кінаакадэміі адбылася ў Лос-Анджэлес.

Прымаючы статуэтку польскі рэжысэр прызнаў, што зьняў сьціплы, камэральны фільм. “Як я тут апынуўся? Я зьняў чорна-белы фільм аб патрэбе цішыні й задумы, а цяпер знаходжуся тут – у эпіцэнтры галасу і ўвагі сьвету. Жыцьцё – поўнае сюрпрызаў”.

У змаганьні за статуэтку “Іда” ў сваёй катэгорыі апярэдзіла: расейскую стужку “Левіафан” Андрэя Зьвягінцава, аргентынскія “Дзікія гісторыі” Дам’яна Шыфрона, маурытанскі “Цімбукту” й эстонска-грузінскія “Мандарынкі”.

“Мы ўсе шалем ад шчасьця. Гэта сапраўды самы вялікі посьпех польскага кіно, які мы маглі сабе ўявіць. Гэта доказ нашага пераканьня, што “Іда” заслугоўвае ўсе магчымыя ўзнагароды сьвету. Яна сабрала іх больш дзясятка на многіх фэстывалях, а “Оскар” зьяўляецца абсалютным укаранаваньнем вялікага посьпеху”, - сказала міністар культуры Польшчы Малгажата Аміляноўска.

Падзеі фільма адбываюцца ў 1960 годзе. Паслушніца Ганна перад вечнымі абетамі едзе ў адведкі да сваёй цёткі. Ванда расказвае дзяўчыне, што яна габрэйка, а яе сапраўднае імя Іда. Усіх родных Іды забілі, а дзяўчынку аддалі ў манастыр.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт