ААН пагражае санкцыямі за падтрымку ісламістаў
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
13.02.2015 15:30
Рада Бясьпекі ААН прыняла адпаведную рэзалюцыю.
polish.cri.cn
Рада Бясьпекі ААН прыняла рэзалюцыю, якая ўводзіць санкцыі за гандаль або любую іншую фінансавую падтрымку ісламістаў. Гэта азначае, што санкцыі могуць быць уведзеныя таксама супраць краінаў, якія плацяць джыхадыстам выкуп за вызваленьне закладнікаў.
Рэзалюцыя Рады Бясьпекі ААН заклікае да замарожваньня сродкаў усіх групаў, якія любым чынам падтрымліваюць фанатыкаў.
„Перш за ўсё гаворка ідзе пра ўдзел у продажы нафты, але таксама выкуп закладнікаў, незаконны гандаль антыкварыятам, прыроднымі рэсурсамі або фінансавыя зьдзелкі”, - растлумачыў пасол Вялікабрытаніі ў ААН Лаял Грант.
Дакумэнт быў прыняты адзінагалосна па ініцыятыве Расеі. Экспэрты лічаць, што рэзалюцыя перш за ўсё павінна аказаць ціск на Турцыю, па тэрыторыі якой транспартуецца нафта з нафтаперапрацоўчых заводаў, занятых ісламістамі ў Сырыі й Іраку.
Дакумэнт уводзіць таксама забарону на гандаль антыкварыятам, выкрадзеным з Сырыі. Раней забарона тычылася толькі артэфактаў зь Ірака.
Паводле ацэнак ААН, Ісламская дзяржава зарабляе на продажы нафты нават 1,5 мільёна даляраў у дзень. Ісламісты таксама зарабілі каля 35 мільёнаў даляраў на выкупе захопленых у Іраку й Сырыі закладнікаў.
аз