Прэзыдэнт Балгарыі наведвае Польшчу
PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz
18.11.2014 15:18
Ён прыехаў з афіцыйным двухдзённым візытам.
BG President Rosen Plevneliev/Wikimedia Commons/CC BY-SA 3.0
Росэн Плеўнэліеў сустрэнецца з прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім, прэм'ер-міністар Эвай Копач і сьпікэрам Сэната Багданам Барусевічам.
Таксама заплянаваны ягоны ўдзел у эканамічным сэмінары ды паездка ў Гданьск.
Польскі й балгарскі прэзыдэнты будуць размаўляць, у першую чаргу, пра павялічэньне эканамічнага ды ваеннага супрацоўніцтва. Польшча хоча дапамагчы Балгарыі ўвайсьці Шэнгенскую зону. Як заявіў міністар Канцылярыі прэзыдэнта Ярамір Сакалоўскі, палітыкі таксама будуць абмяркоўваць пашырэньне супрацоўніцтва ў галіне культуры. Ідзецца пра стажыроўкі ў архівах і музэях ў Польшчы, гатоўнасьць палякаў падзяліцца сваім вопытам у выкарыстаньні эўрапейскіх сродкаў, выдзеленых на культуру", - дадаў чыноўнік.
Для Польшчы Балгарыя становіцца ўсё больш важным эканамічным партнэрам. У мінулым годзе гандлёвы абарот склаў больш за мільярд эўра.
У Балгарыю Польшча экспартуе ў асноўным малако, мяса, аўтобусы, трамваі ды хімічныя прадукты. У сваю чаргу балгары пастаўляюць у Польшчу лекавыя сродкі, віно, каўчук, мэханічныя прылады і хімічныя вырабы.
юл