Logo Polskiego Radia
Print

Туман накрыў польскія аэрапорты

PR dla Zagranicy
Jury Lichtarowicz 27.10.2014 11:55
Найгоршая сытуацыя ў Кракаве й Жэшаве.

Там адмененыя рэйсы ў Варшаву.

Туман ускладняе жыцьцё авіяпасажырам. З-за складаных умоваў надвор'я й кепскай бачнасьці, давялося адмяніць рэйсы з Кракава ў Варшаву, Франкфурт, Мюнхен і Бэрлін.

Некаторыя рэйсы ўдалося перанакіраваць на іншыя лётнішчы. Так, самалёты ў Гданьск вылятаюць з аэрапорту ў Катавіцах. Рэйсы ў Лёндан і Парыж затрымліваюцца.

Наймацней туман ударыў па жэшаўскім аэрапорце. Гэты авіяпорт цалкам паралізаваны. Увечары давялося адмяніць вылет у Варшаву, а машыны Ryanair, што ляцелі з Брыстолю й Лёндану, былі перанакіраваныя ў іншыя аэрапорты, як і рэйс з Франкфурта. У панядзелак быў адменены ранішні рэйс на Варшаву.

Нягледзячы на туман, няма ніякіх праблемаў з рухам у варшаўскім аэрапорце імя Шапэна. Палёты самалётаў адбываюцца згодна з плянам, заявіла кіраўніцтва лётнішча.

Сыноптыкі прагназуюць, што туман у Польшчы, асабліва на поўдні, пратрымаецца да серады.

юл

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт