Logo Polskiego Radia
Print

У Гішпаніі ад віруса Эбола памёр першы эўрапеец

PR dla Zagranicy
Valery Sauko 12.08.2014 19:02
Гішпанскі сьвятар Мігель Пахарэс, які заразіўся вірусам Эбола ў Лібэрыі, памёр у мадрыдзкім шпіталі.
fot. sxc.hu/public domain

Гішпанскі сьвятар Мігель Пахарэс, які заразіўся вірусам Эбола ў Лібэрыі, памёр у мадрыдзкім шпіталі Карласа III. Ён стаў першым эўрапейцам, які загінуў ад афрыканскай ліхаманкі.

75-гадовага ксяндза даставілі гішпанскім ваенным самалётам зь Лібэрыі 7 жніўня. Разам зь ім у Мадрыд была адпраўлена й манашка, у якой вірус аднак ня быў выяўлены. Лекары спачатку ацэньвалі стан Пахарэса як задавальняючы й стабільны. Аднак потым яму стала горш. Не дапамагла таксама тэрапія нядаўна распрацаваным амэрыканскім прэпаратам.
Пахарэс каля 50 гадоў займаўся ў Афрыцы місіянерскай дзейнасьцю. Ён дапамагаў даглядаць хворых ліхаманкай Эбола ў каталіцкай лякарні ў лібэрыйскі сталіцы Манровіі.

Ліхаманка Эбола пачалася ў лютым 2014 года ў Гвінэі. Потым вірус распаўсюдзіўся ў Лібэрыі, Сьера-Леонэ й Нігерыі. Паводле дадзеных Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя, колькасьць ахвяр ліхаманкі Эбола ў Заходняй Афрыцы дасягнула 1013 чалавек, 1848 чалавек заражаныя.
Вірус Эбола – вельмі сур’ёзная хвароба, колькасьць сьмяротных зыходаў дасягае 90% ад заражэньняў. Да гэтага часу не існуе эфэктыўнага леку ад хваробы.

вс

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт