Украіна забароніць Кампартыю
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
08.07.2014 15:49
Міністэрства юстыцыі просіць забараніць дзейнасьць Камуністычнай партыі Ўкраіны.
Фото: Wikimedia Commons
Адпаведны пазоў ужо трапіў у Акруговы адміністрацыйны суд Кіева. Калі яго будуць разглядаць — пакуль невядома.
14 чэрвеня кіраўнік Службы бясьпекі Ўкраіны Валянцін Налівайчанка заявіў, што яго ведамства сабрала і перадало ў Мінюст зьвесткі аб супрацьпраўнай дзейнасьці КПУ. Кіраўнік СБУ запатрабаваў забараніць партыю і зьняць недатыкальнасьць з дэпутатаў-камуністаў у Вярхоўнай Радзе, а таксама прадстаўнікоў партыі ў Луганскай і Данецкай абласьцях (тады стала вядома, што фракцыя КПУ абласнога савету Луганскай вобласьці ў поўным складзе перайшла на працу ў парлямэнт самаабвешчанай Луганскай народнай рэспублікі).
У траўні сьпікэр Вярхоўнай Рады, які выконваў на той момант абавязкі прэзыдэнта Ўкраіны, Аляксандр Турчынаў таксама заяўляў пра магчымую забарону Кампартыі Ўкраіны за „суўдзел партыі ў тэрарыстычнай і сэпаратысцкай дзейнасьці”. За забарону дзейнасьці камуністаў выступалі таксама некаторыя лідэры Майдану.
Кампартыя Ўкраіны існуе з пачатку 1990-х гадоў (яна была забароненая ў 1991 годзе, а праз два гады ўзнавіла сваю дзейнасьць). У пэрыяд прэзыдэнцтва Віктара Януковіча яна знаходзілася ў кіроўнай кааліцыі з Партыяй рэгіёнаў.
эб