Джон Кэры прыгразіў Расеі новымі санкцыямі
PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz
25.04.2014 09:09
Дзяржсакратар ЗША Джон Кэры ў чацьвер выступіў з адмысловай заявай па сытуацыі ва Ўкраіне, паведамляе Reuters.
Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў, што на працягу тыдня з дня заключэньня жэнэўскіх пагадненьняў Расея не прыняла ніводнага правільнага рашэньня. Кэры паабяцаў, што ЗША і Эўропа прымуць адпаведныя меры, калі Расея працягне рухацца ў тым жа накірунку.
На думку дзяржсакратара ЗША, Крэмль імкнецца дэстабілізаваць сытуацыю перад выбарамі прэзыдэнта Ўкраіны. Кэры заявіў, што калі Расея дорага заплаціць за сваю памылку. «Мы гатовыя дзейнічаць», - падкрэсьліў ён.
Таксама ў чацьвер з падобнай заявай выступіў прэзыдэнт ЗША Барак Абама. На прэс-канфэрэнцыі ў Японіі ён заявіў, што паводзіны расейскага ўраду «не адпавядаюць духу і літары прынятага ў Жэнэве пагадненьня». Амерыканскі лідэр не удакладніў, пра якія дзеяньні Расеі ідзе гаворка, але паабяцаў, што з боку ЗША будуць уведзеныя новыя санкцыі, калі сытуацыя застанеца бязь зьменаў.
У адпаведнасьці з дамоўленасьцамі, заключанымі на мінулым тыдні ў Жэнэве паміж Расеяй, Украінай, ЗША і ЭЗ, усе незаконныя ўзброеныя падразьдзяленьні павінны быць раззброеныя і распушчаныя. Гэта датычыцца, у прыватнасьці, прарасейскіх актывістаў, якія захапілі некалькі адміністрацыйных будынкаў у гарадах Усходняй Украіны.
эб