Украіне патрэбная нашая салідарнасьць!
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
05.12.2013 17:08
Так лічаць польскія дэпутаты, якія вярнуліся зь Кіева.
„Украіне неабходны дыялёг”, - кажа кіраўнік сэймавай камісіі па замежных справах Гжэгаж Схэтына. Ён і два іншыя польскія дэпутаты: Робэрт Тышкевіч і Мірон Сыч сёньня вярнуліся зь Кіева.
Ва ўкраінскай сталіцы яны сустрэліся з прадстаўнікамі кіроўнай партыі й апазыцыі, таксама былі на Майдане Незалежнасьці.
„Сытуацыя сур'ёзная, а эмоцыі ва Ўкраіне нарастаюць”, - заявіў журналістам Гжэгаж Схэтына.
Гжэгаж Схэтына: Паводле нас, кіроўная партыя й прэзыдэнт Януковіч ня ведаюць, якім чынам вырашыць гэтую праблему. Ва Ўкраіне неабходна, каб эмоцыі перамог дыялёг і размова з мэтай паразуменьня й кампраміснага выхаду з гэтай складанай сытуацыі. Пасьля суботніх падзеяў і жорсткага разгону дэманстрантаў існуе рэальная рызыка росту напружаньня. Гэта было б некарысным ня толькі для Ўкраіны, але таксама для Эўропы й украінскіх імкненьняў у Эўропу.
Дэпутат Робэрт Тышкевіч лічыць, што Ўкраіне ў дадзены момант патрэбная, перш за ўсё, салідарнасьць. Гэтага, паводле палітыка, чакаюць ад палякаў тыя, хто прыбыў з усіх куткоў краіны на Майдан Незалежнасьці.
Робэрт Тышкевіч: Яны чакаюць падтрымкі й салідарнасьці ад польскіх няўрадавых арганізацыяў, польскіх студэнтаў. Нагадваю, на Эўрамайдане знаходзіцца шмат украінскіх студэнтаў, якія заяўляюць: „Мы хочам у Эўропу!” Бачная на Майдане сымпатыя ў дачыненьні да Польшчы, гэта вялікі капітал нашых добрасуседзкіх адносінаў. Добра было б падтрымаць нашых усходніх суседзяў, як гэта адбылося падчас аранжавай рэвалюцыі.
Заўтра дэпутаты, якія пабывалі ў Кіеве, сустрэнуцца з прэзыдэнтам Браніславам Камароўскім. Магчыма, што ў гэтай сустрэчы прыме ўдзел таксама міністар замежных спраў Радаслаў Сікорскі, які сёньня ўдзельнічае ў Кіеве у саміце АБСЭ.
аз