ЗША праслухоўвалі Мэркэль
                
                    
                        PR dla Zagranicy
                    
                    
                        Valery Sauko
                        
                        24.10.2013 13:24
                    
                                 
                
                
                    Учора вечарам знэрваваная Мэркэль пазваніла прэзыдэнту Абаме й запатрабавала тлумачэньняў. 
                
                
                    
                        
                     
                
                
                
               
                
                         Скандал на лініі Вашынгтон-Бэрлін. “Gazeta Wyborcza” друкуе артыкул аб тым, што амэрыканскія спэцслужбы праслухоўвалі тэлефонныя размовы канцлера Нямеччыны Ангелы Мэркэль. Учора вечарам знэрваваная Мэркэль пазваніла прэзыдэнту Абаме й запатрабавала тлумачэньняў. Тэму праслухоўваньня амэрыканскім Нацыянальным агенцтвам бясьпекі размоваў канцлера Германіі раскрыў нямецкі тыднёвік “Der Spiegel”. Ужо ў чэрвені, калі былі рассакрэчаныя дакумэнты, скрадзеныя супрацоўнікам агенцтва Эдвардам Сноўдэнам, стала вядома, што амэрыканцы праслухоўваюць мільёны размоваў немцаў. Прэс-сакратар Белага дома Джэй Карні заявіў, што “Мэркэль не праслухоўваюць і ня будуць праслухоўваць”. На пытаньне ж журналістаў, ці праслухоўвалі размовы ў мінулым, Карні ня змог даць адназначнага адказу. А гэта можа азначаць, што размовы Мэркэль слухалі. 
У панядзелак Абама меў іншую тэлефонную размову, падчас якой амэрыканскаму прэзыдэнту таксама прыйшлося тлумачыцца: на гэты раз кіраўніку ЗША пазваніў прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд. Справа ў тым, што газэта “Le Monde” напісала, таксама спасылаючыся на дакумэнты Сноўдэна, што амэрыканскае Нацыянальнае агенцтва бясьпекі штомесяц  запісвае 70 млн. размоваў у францускіх мабільных сетках. Акрамя таго, амэрыканцы перахопліваюць СМС-паведамленьні, якія палічаць падазронымі. Крыху раней бразыльскія СМІ паведамілі, што амэрыканцы праслухоўвалі тэлефонныя размовы прэзыдэнтаў Бразыліі й Мэксікі. Кіраўнік Бразыліі Дылма Русэф на паведамленьне журналістаў прарэагавала вельмі востра й адмяніла свой візыт у ЗША ды на форум ААН. 
Амэрыканскае заканадаўства ўтрымлівае значныя абмежаваньні, якія не дазваляюць спэцслужбам весьці праслухоўваньне тэлефонных размоваў грамадзянаў ЗША. Пра праслухоўваньне размоваў іншаземцаў у амэрыканскіх законах нічога не гаворыцца, і гэтай юрыдычнай нішай карыстаюцца спэцслужбы, паведамляе “Gazeta Wyborcza”.
вс