Logo Polskiego Radia
Print

Польскае радыё пачало лічбавае вяшчаньне

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 01.10.2013 14:40
  • DAB.mp3
Грамадзкае радыё зрабіла вялікі крок наперад у напрамку новых тэхналёгій.
Будинок Польського радіо у ВаршавіБудинок Польського радіо у ВаршавіFoto: polskieradio.pl

Сёньня апоўдні грамадзкае радыё пачало вяшчаньне ў лічбавым фармаце. Пачала працу першая плятформа, на якой зьмешчаны ўсе агульнапольскія праграмы Польскага радыё.

Апрача традыцыйных Першай, Другой, Трэцяй і Чацьвёртай праграм на плятформе зьмешчаны дзьве цалкам новыя праграмы. Польскае радыё 24 – гэта найперш інфармацыя й публіцыстыка. У сваю чаргу, Радыё Рытм засяродзіцца на папулярнай музыцы, і двух кароткіх інфармацыйных выпусках цягам гадзіны.

Лічбавы сыгнал даступны пакуль толькі ў Варшаве й Катавіцэ. Ён ахоплівае амаль 7 мільёнаў слухачоў. Лічбавы сыгнал ахопіць цэлую Польшчу ў 2020 годзе.

Для прыняцьця лічбавага сыгналу патрэбны адмысловы прымач з новай тэхналёгіяй DAB (Digital Audio Broadcasting). Тэхналёгія лічбавага радыё дазваляе ня толькі ствараць месцы для новых радыёстанцый у эфіры. Дзякуючы ёй магчымым зьяўляецца перадача на радыёпрымач вобраза, паказа слайдаў ці дарожнай інфармацыі. Ня трэба таксама памятаць хвалі сваіх люмімых праграм. Іх можна адшукаць, упісваючы назву. DAB – гэта таксама лепшая якасьць гуку, што мае асаблівае значэньне, напрыклад, падчас трансьляцыі канцэртаў.

Важна, што пакуль няма пляну спыненьня аналягавага сыгналу, хоць яго кошт амаль у тры разы большы, чым лічбавага. Такіх плянаў няма ў сувязі з тым, што пераход выключна на лічбавы сыгнал азначае для слухачоў інвэстыцыю ў новы радыёпрымач. Самы танны зь іх каштуе 30 даляраў, а цэны сягаюць нават больш за сто даляраў.

Пераход Польскага радыё ў лічбавы фармат зьяўляецца ўзбагачэньнем яго прапановы – кажа старшыня радыёстанцыі Анджэй Сезянеўскі. Ён тлумачыць, што на лічбавай плятформе грамадзкага радыё ў пэрспэктыве апынецца 12 праграм. Дзьве частаты будуць прызначаныя для рэгіянальных перадач. Астатнія дзесяць частот будзе абслугоўваць агульнапольская станцыя зь сядзібай у Варшаве.

А. Сезянеўскі: Пяць частот будуць прызначаныя для праграм, якія ўжо сёньня ёсьць у эфіры, наступныя пяць – гэта інфармацыйнае радыё PR24, будзе музычны канал, таксама Радыё Рэтра для слухачоў у сталым узросьце, будзе радыё для дзяцей і бацькоў. Таксама плянуецца стварэньне адукацыйнага каналу Радыё Эўрэка – навука, тэхніка, гісторыя. Адным словам, шырокая адукацыя. Стварэньне новых перадач дапаможа нам значна лепш, чым да гэтага часу рэалізаваць статутныя задачы грамадзкага радыё.

Анджэй Сезянеўскі падкрэсьліў, што невыпадкова лічбавы сыгнал пачаткова даступны на Мазоўшы й Сылезіі.

А. Сезянеўскі: Мы абралі гэтыя дзьве аглямэрацыі, паколькі тут жыве найбольшая колькасьць людзей у параўнаньні зь іншымі ваяводзтвамі. А мы хацелі трапіць да максымальна вялікай колькасьці слухачоў. Патэнцыйна – гэта 17% жыхароў краіны.

Старшыня Польскай рады радыё- і тэлевяшчаньня Ян Дворак падкрэсьліў, што пераход Польскага радыё на новую якасьць – гэта прадуманае рашэньне. “Мы аналізавалі рынак, тэхналёгіі, магчымыя грамадзкія наступствы. І пасьля году дакладнай працы адказалі Польскаму радыё пазытыўна”. Ян Дворак спадзяецца, што таксама камэрцыйныя радыёстанцыі далучацца да працэсу лічбаваньня, паколькі зьмена сыстэмы вяшчаньня можа рэвалюцыянізаваць польскі рынак СМІ.

Я. Дворак: Мы зробім усё, каб працэс быў прыязным усім радыёстанцыям. Аднак цэлы працэс у выніку павінен быць прыязны найперш слухачам. Спадзяюся, што на канцы працэса мы апынемся ў цалкам новай рэчаіснасьці.

Ян Дворак зьвярнуў увагу, што Польшча знаходзіцца дзесьці пасярэдзіне сярод эўрапейскіх краін, якія вырашыліся перайсьці на лічбавае радыёвяшчаньне. Найбольш разьвітымі ў гэтым пляне зьяўляюцца Вялікабрытанія, Нямеччына, Францыя й Чэхія.

Польскае радыё зрабіла сёньня вялікі крок у напрамку новых тэхналёгій – адзначыў на хвалі радыёстанцыі Браніслаў Камароўскі. Ён пажадаў як мага лепш выкарыстаць шанец лепшага разьвіцьця.

Б. Камароўскі: Хачу пажадаць цэламу Польскаму радыё, каб слухачы ўспрынялі гэтыя зьмены без праблем і складанасьцяў, хоць зьмена сапраўды агромная й адкрывае новыя магчымасьці. Гэтя ня толькі больш сучасна, але, як пераконваюць спэцыялісты, на сто працэнтаў лепшае. Гэты дазволіць зьменшыць тэрыторыю, куды трапляюць ня ўсе перадачы Польскага радыё. Таму доступ стане больш паўсюдны. Ня менш важнай зьяўляецца якасьць вяшчаньня.

Творы Фрыдэрыка Шапэна ў выкананьні польскага кампазытыра й піяніста Лешака Можджэра – гэта быў першы гук, які вяшчаўся ў новым лічбавым фармаце.

ав

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт