Logo Polskiego Radia
Print

Міліцыя адмовілася ахоўваць парадак

PR dla Zagranicy
Elvira Sienkiewicz 31.08.2013 12:20
...на пікетах партыі "Справядлівы сьвет" у Гомелі.


PAP/Paweł
PAP/Paweł Supernak


Гомельская абласная арганізацыя Беларускай партыі левых "Справядлівы сьвет" плянавала правесьці 24, 25 і 26 верасьня ў Гомелі тры пікеты з мэтаю данясеньня ідэй партыі да грамадзкасьці і абмеркаваньня сацыяльна-эканамічнага становішча ў Беларусі. Перад правядзеньнем масавага мерапрыемства заяўнікі, згодна з рашэньнем гарвыканкаму, абавязаныя заключыць платныя дамовы на абслугоўваньне акцый з мэдыкамі, міліцыяй і камунальнікамі. З гэтай мэтаю старшыня абласной арганізацыі "Справядлівага сьвету" Ўладзімер Сякерка зьвярнуўся з адпаведнымі заявамі ў міліцыю, хуткую дапамогу і камунальнае прадпрыемства.

Як паведаміў БелаПАН палітык, з УУС Гомельскага аблвыканкаму ён атрымаў адмоўны адказ. Міліцыя сьцьвердзіла, што ня можа забясьпечыць грамадзкага парадку, паколькі "ня можа выдзеліць у гэты пэрыяд неабходную колькасьць супрацоўнікаў са складу органаў унутраных спраў".

"Нам хапіла б і аднаго міліцыянта, каб на ўсялякі выпадак прысутнічаў на пікеце, які плянавалі праводзіць усяго тры асобы. Але міліцыя няздольная нават на гэта. За што ж мы плацім падаткі?" — абурыўся Сякерка і заявіў пра намер скардзіцца на адказ з УУС у вышэйшыя органы.

6 жніўня актывісты партыі "Справядлівы сьвет" плянавалі правесьці ў Гомелі аналягічны пікет, але гарвыканкам не дазволіў масавае мерапрыемства на той падставе, што ў гэты дзень на заяўленай пляцоўцы каля ДК таварыствам глухіх "Віпра" была заплянавана рэпэтыцыя фэстывалю "Сожскі карагод". Сам фэстываль пройдзе 14—15 верасьня.

БелаПАН/эб

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт