Logo Polskiego Radia
Print

Заснавальнік „Wikileaks” зоймецца палітыкай

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 25.07.2013 17:58
Кандыдаты ад ягонай партыі будуць змагацца за месцы ў аўстралійскім сэнаце.

/

Аўстраліец Джуліян Асанж, заснавальнік выкрывальніцкага парталу „Wikileaks”, зоймецца палітыкай. Сем кандыдатаў ад ягонай партыі „WikiLeaks Party” будзе змагацца за месца ў аўстралійскім сэнаце.

Джуліян Асанж, які надалей хаваецца ў пасольстве Эквадора ў Лёндане, зазначае, што новая партыя будзе змагацца за празрыстасьць урада й кансультацыі з грамадзкасьцю новых законаў.

Паводле словаў Асанжа, уваход чальцоў партыі у Сэнат будзе абазначаць увядзеньне ў палату незалежных сьледчых журналістаў.

Першым дзеяньнем новых магчымых сэнатараў будзе публікацыя дамовы, якая зьвязвае Аўстралію й Папуа-Новую Гвінэю й якая датычыць вяртаньня нелегальных імігрантаў з Азіі. Нагадаем, уся аўстралійская сыстэма барацьбы зь нелегальнай іміграцыяй падвяргаецца крытыцы з боку арганізацыяў па правах чалавека за сваю празьмерную жорсткасьць.

Джуліян Асанж ужо амаль год знаходзіцца у пасольстве Эквадора ў Лёндане, які даў яму палітычны прытулак. Асанж баіцца дэпартацыі ў Швэцыю, дзе знаходзіцца ў вышуку. Ён пераконвае, што са Швэцыі яго могуць дэпартаваць у ЗША, якія ў сваю чаргу абвінавачваюць яго ў разгалошваньні сакрэтнай дзяржаўнай інфармацыі на вэб-сайце „WikiLeaks”.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт