Скандальнавядомая арганізацыя “Femen” не забывае пра Аляксандра Лукашэнку. Дзяўчаты неўзабаве рыхтуюцца зноў наведаць Беларусь. Пра гэта нам заявіла актывістка “Femen” Аляксандра Шаўчэнка.
Сёньня тэму “сувязі” паміж “Femen” і Лукашэнкам першымі закранулі нашыя калегі з “Эўрарадыё”. Справа ў тым, што 27 ліпеня Аляксандар Лукашэнка разам з сынам Колям зьбіраецца наведаць Кіеў. Мы таксама вырашылі даведацца, якія пляны ва ўкраінскіх дзяўчат адносна Беларусі й беларускага палітыка нумар адзін, больш вядомага як “апошні дыктатар Эўропы”. “Для наведваньня Беларусі ў нас ёсьць некалькі прычын, у тым ліку прычына асабістая й грамадзкая” – сказала ў размове з намі Аляксандра Шаўчэнка. Паводле яе, грамадзкая прычына заключаецца ў тым, што яны нязгодныя з лукашэнкаўскай дыктатурай. А асабістая прычына – гэта прага помсты за страшную гісторыю, якая здарылася зь дзяўчатамі з “Femen”. Нагадаем, у сьнежні 2011 года актывісткі арганізацыі паехалі ў Менск і на прыступках КДБ правялі пэрформанс. Адна зь дзяўчат была стылізаваная пад Лукашэнку. Хутчэй за ўсё акцыя “femen-ак” асабіста закранула гонар Лукашэнкі, бо, як падкрэсьліла Аляксандра Шаўчэнка, “дзяўчаты трапілі ў палон да забойцаў, галаварэзаў Лукашэнкі”. “І мы хоча адпосьціць” – зазначыла актывістка. І падкрэсьліла, што неўзабаве зьбіраюцца ў Беларусь.
На маё пытаньне, ці ня страшна ехаць дзяўчатам у Беларусь, нашая суразмоўца адказала, што, канешне, страшна, гэтак як і страшна было ехаць у Туніс для правядзеньня акцыі. Аляксандра Шаўчэнка нагадала, што там актывісткі трапілі ў турму, дзе над імі зьдзекваліся, дзе яны маглі страціць жыцьцё. І, тым ня менш, дзяўчаты стараюцца перамагчы свой страх і працягваць дзейнічаць, зазначыла суразмоўца. Паводле яе, у арганізацыю “Femen” трапляюць толькі тыя актывісткі, якія гатовыя на радыкальную сьмеласьць, якая часам мяжуе з самаахвяраваньнем.
А ці дзяўчаты з “Femen” зьбіраюцца сустрэць Лукашэнку 27 ліпеня ў Кіеве? Аляксандра Шаўчэнка сказала, што толькі сёньня даведаліся пра прыезд беларускага лідара ва ўкраінскую сталіцу, і калі б ведалі раней, то, магчыма, падрыхтаваліся б. Бо цяпер у іх іншая й больш важная праблема: у нядзелю згарэла штаб-кватэра “Femen” у Парыжы. “Мы цяпер думаем, як узнавіць працу першага ў сьвеце цэнтра па падрыхтоўцы рэвалюцыянерак і экстрэмістак” – з гумарам зазначыла Аляксандра Шаўчэнка. Але дзяўчаты не выключаюць, што адпаведным чынам і ў сваім стылі прымуць Лукашэнку ва ўкраінскай сталіцы.
На пытаньне, якую ролю ў дзейнасьці “Femen” адыгрывае Лукашэнка, Аляксандра Шаўчэнка без ваганьня адказала, што ён – адзін зь іх галоўных ворагаў.
А.Шаўчэнка: Гэта адзін з нашых галоўных ворагаў, таму што ён –увасабленьне патрыярхату, таму наш дзявочы экстрэмізм накіраваны супраць яго. Я ўпэўненая, што з Лукашэнкам мы яшчэ сустрэнемся.
Сказала прадстаўніца “Femen” Аляксандра Шаўчэнка.
Аляксандар Лукашэнка любіць падкрэсьліваць, што ні перад кім ня стане на калені й што нікога не баіцца. І гэта, магчыма, праўда, бо ён мае моцнага палітычнага саюзьніка ў выглядзе Крамля, прынамсі, так можа здавацца. Але супраць вясёлых пэрформансаў аголеных і сьмелых дзяўчат з “Femen” бяссільныя самыя моцныя дзяржавы й палітыкі, пра што Лукашэнку ня варта забываць. Такім чынам, на месцы беларускага кіраўніка падчас замежных паездак варта захоўваць “революционную бдительность” і трымаць вуха вастро, бо дзяўчаты са сваёй безадказнай зброяй могуць яго чакаць паўсюль.
Валеры Саўко