У Менску пачаў працу VI зьезд беларусаў сьвету
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
23.07.2013 10:58
Асноўнай тэмай зьезда будзе стан беларускай нацыі ва ўмовах глябалізацыі.
Стан беларускай нацыі ва ўмовах глябалізацыі стане асноўнай тэмай VI зьезда беларусаў сьвету, які адкрыўся сёньня ў Менскім міжнародным адукацыйным цэнтры.
Двухдзённы зьезд арганізаваны міжнародным грамадзкім аб'яднаньнем "Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына". На яго зьехаліся прыкладна 300 дэлегатаў, якія прадстаўляюць беларускія дыяспары з 20 замежных краін.
Як лічаць арганізатары, тэма выклікаў і магчымасьцяў, якія стаяць перад беларускай нацыяй у сучасным сьвеце, абумоўлена працэсамі, "калі назіраецца ўзмацненьне працэсаў глябалізацыі".
"Узаемазалежнасьць і ўзаемныя ўплывы розных культур спараджаюць новае аблічча сьвету, сьветапогляд яго жыхароў і новыя магчымасьці. Тым часам, калі міграцыйныя працэсы становяцца ўсё больш актыўнымі, усё больш павялічваецца значэньне нацыянальных дыяспар", — адзначаецца ў прэс-рэлізе пра зьезд.
"У той жа час у новых умовах беларускія дыяспары сутыкаюцца й з праблемамі размываньня нацыянальнай ідэнтычнасьці, касмапалітызму значнай часткі новых эмігрантаў, памяншэньня цікавасьці да нацыянальнай дзейнасьці сярод моладзі", — адзначаюць актывісты "Бацькаўшчыны".
На зьезд запрошаны міністар культуры Беларусі Барыс Сьвятлоў, супрацоўнікі дыпляматычных прадстаўніцтваў, рэлігійных арганізацый і таварыстваў. Заплянавана сустрэча дэлегатаў з прадстаўніцтвамі дзяржаўных ведамстваў па пытаньнях працы зь беларусамі замежжа.
У межах зьезда будуць працаваць тры тэматычныя сэкцыі: па пытаньнях, што датычацца магчымасьцяў унутраных сіл Беларусі й дыяспары па ўмацаваньні нацыянальнай ідэнтычнасьці, культурнай спадчыны беларускага замежжа, супрацоўніцтва "новай" і "старой" іміграцыі на карысьць нацыянальнага разьвіцьця.
БелаПАН/ав