Выйшаў на волю былы палітвязень Аляксандар Малчанаў
PR dla Zagranicy
Alena Vialichka
13.07.2013 09:13
Ён адбываў пакараньне нібыта за крадзеж.
Былы палітвязень, фігурант крымінальнай справы аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 года Аляксандар Малчанаў 13 ліпеня выйшаў на волю з калёніі № 14 у пасёлку Навасады (Барысаўскі раён Менскай вобласьці), дзе ён адбываў пакараньне нібыта за крадзеж.
Аляксандра выпусьцілі рана раніцай, яшчэ да ўздыму, хоць, паводле інфармацыі праваабаронцаў, звычайна асуджаных у гэтай калёніі пачынаюць вызваляць пасьля 11.00. Зараз Малчанаў знаходзіцца дома, у Барысаве. На бліжэйшыя паўгода за ім будзе ўсталяваны прафіляктычны нагляд - такое рашэньне прыняў суд, які адбыўся ў калёніі 4 ліпеня.
Аляксандар Малчанаў адбываў пакараньне па прысудзе Жодзінскага гарадзкога суда, які ў красавіку 2012 года прызнаў яго вінаватым па ч. 2 арт. 205 Крымінальнага кодэкса (крадзеж, учынены паўторна, або групай асобаў, або з пранікненьнем у жыльлё). Нібыта разам з сябрам Арцёмам Ігнацікавым ён скраў мэталалом з тэрыторыі жодзінскага кавальскага завода цяжкіх штамповак. Малчанаў быў асуджаны на паўтара года калёніі строгага рэжыму.
Яшчэ раней Малчанаў быў асуджаны па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 сьнежня 2010 года. Малады чалавек прымаў удзел у акцыі супраць фальсыфікацыі вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, але затрымалі яго толькі 6 студзеня 2011 г, ужо ў Барысаве. 2 сакавіка 2011 года суд Фрунзэнскага раёна Менска прызнаў Малчанава вінаватым у масавых беспарадках і зьнявазе дзяржаўных сымбалеў Беларусі й прысудзіў яго да трох гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму. З магілёўскай калёніі № 15, дзе адбываў пакараньне Малчанаў, яго вызвалілі 14 верасьня 2011 згодна з указам прэзыдэнта аб памілаваньні.
БелаПАН/ав