Перапахавалі парэшткі ахвяраў камунізму
PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna
07.06.2013 17:48
Скончыўся другі этап эксгумацыі на варшаўскіх могілках „Павонзкі”.
На варшаўскіх могілках „Павонзкі” адбылося перапахаваньне парэшткаў 82 ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў 1948-1956 гадоў.
Раней усе яны знаходзіліся ў безыменных магілах, у частцы могілкаў, дзе некалькі дзён таму скончыўся другі этап эксгумацыі.
Ва ўрачыстасьці перапахаваньня прынялі ўдзел сваякі забітых, прадстаўнікі ўладаў і касьцёлу. Ліст ад прэзыдэнта Браніслава Камароўскага зачытаў прадстаўнік Канцылярыі Прэзыдэнта Альгерд Дзяконьскі.
Альгерд Дзяконьскі: Сёньняшняя ўрачыстасьць заканчвае адзін з найважнейшых этапаў пошуку невядомых месцаў пахаваньня ахвяраў камуністычнага тэрору. Я дзякую дасьледнікам Інстытуту нацыянальнай памяці, Рады аховы памяці баёў і пакутніцтва, Паморскага мэдыцынскага інстытуту ў Шчэціне. Я дзякую таксама ўсім іншым асобам, сэрцы й сумленьні якіх падказалі, каб дапамагчы ў рэалізацыі гэтага важнага праекту.
- напісаў прэзыдэнт Камароўскі.
Інстытут нацыянальнай памяці, Рада аховы памяці баёў і пакутніцтва й Міністэрства юстыцыі праводзілі эксгумацыю на Павонзках з 13 траўня. Экспэрты знайшлі астанкі 82 чалавек, якія былі пахаваныя ў масавых магілах. Паводле адмыслоўцаў, большасьць зь іх была забіта стрэлам у патыліцу. У некаторых былі зьвязаныя рукі.
аз