Logo Polskiego Radia
Print

Вядомы фонд спыніць сваю дзейнасьць?

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 03.03.2013 13:30
Ежы Оўсяка ўсхваляваў апошні выпадак сьмерці малой Дамінікі.
Wolontariusze WOŚP, foto: PAP/Adam Warżawa

„Ставім пад знакам пытаньня свае далейшыя намаганьні з мэтай дапамагчы польскай пэдыятрыі,” – напісалі Ежы й Лідзія Оўсяк.

Адмысловая заява чальцоў управы вядомага дабрачыннага фонду „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі”, якую атрымала Інфармацыйнае радыёагенцтва Польскага радыё, зьяўляецца рэакцыяй на выпадак трагічнай сьмерці амаль трохгадовай Дамінікі, якой, паводле аўтараў заявы, не аказалі прафэсійнай мэдыцынскай дапамогі ў бальніцы ў Лодзі.

Дзяўчынка памерла, паколькі яе за позна шпіталізавалі. Раней дысьпетчар хуткай мэдыцынскай дапамогі двойчы адмовіўся накіраваць брыгаду мэдыкаў да дзяўчынкі, якая мела высокую тэмпэратуру.

„Мы баімся, што зноў міністар аховы здароўя і Ўпаўнаважаны па правах дзіцяці ня зробяць нічога, каб зьмяніць трагічны, як паказалі апошнія выпадкі, стан сыстэмы неадкладнай мэдыцынскай дапамогі ў Польшчы ", - чытаем у заяве прадстаўнікоў управы фонду „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі”.

Нагадваем, „Вялікі аркестар сьвяточнай дапамогі” пад кіраўніцтвам Ежы Оўсяка кожны год арганізоўвае буйную дабрачынную акцыю з мэтай збору ахвяраваньняў на карысьць розных галінаў польскай мэдыцыны. Падчас сёлетняй акцый, якая праходзіла 21-ы раз, валянтэры таксама зьбіралі грошы на паляпшэньне сытуацыі польскай пэдыятрыі. Фонду ўдалося сабраць некалькі дзясяткаў мільёнаў злотых на пaкупку мэдычнай апаратуры.

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт