Logo Polskiego Radia
Print

Пачаліся звальненьні на заводзе „Fiat Auto Poland”

PR dla Zagranicy
Anna Zadrożna 22.01.2013 15:33
Разам з падрадчыкамі працу можа страціць да 4 тысяч рабочых.
PAP/Andrzej Grygiel

Сёньня на заводзе „Fiat Auto Poland” у горадзе Тыхы прайшлі звальненьні першай групы (800) працаўнікоў. Агулам скарачэньне працаўладкаваньня на заводзе ахопіць 1,5 тысячы рабочых.

У залежнасьці ад стажу працы звольненыя рабочыя атрымаюць ад 9 да 18 месячных заработных платаў. Сярэдняя заработная плата на гэтым аўтазаводзе складае 4 тысячы злотых.

Гэта толькі пачатак хвалі звальненьняў у кампаніях, зьвязаных з аўтазаводам „Fiat Auto Poland” у Тыхах. Паводле неафіцыйных ацэнак, агульнае скарачэньне працаўладкаваньня, уключаючы падрадчыкаў аўтаканцэрну, можа закрануць да 4 тысячаў чалавек.

Да звальненьняў рыхтуюцца мясцовыя службы занятасьці. Іхныя прадстаўнікі запэўніваюць, што на дадзены момант яны могуць прызначыць больш за 7 мільёнаў злотых дзеля актывізацыі беспрацоўных. Гаворка ідзе пра зьмену альбо павышэньне прафэсійных кваліфікацый, курсы, стажыроўку, дафінансаваньне стварэньня новых месцаў працы. Гэта яшчэ ня ўсё. У бліжэйшым часе службы занятасьці атрымаюць дадатковыя 5 млн. злотых з рэзэрву Міністэрства працы й сацыяльнай палітыкі.

Высьвятляецца, што з працай для звольненых ня будзе так дрэнна, як магло б здавацца. Па словах прадстаўнікоў прафсаюзаў, частка звольненых рабочых ўжо знайшла сабе новую працу.

Некалькі кампаніяў паведамілі, што яны гатовыя працаўладкаваць былых працаўнікоў аўтамабільнага завода. Сярод іх ёсьць і такія, якія хацелі б працаўлaдкаваць большую колькасьць людзей. Паступаюць таксама прапановы ад кампаній зь Нямеччыны, але яны не зьвязаныя з аўтамабільнай прамысловасьцю. Дапамогу звольненым працаўнікам хочуць аказаць навакольныя адмысловыя эканамічныя зоны. Напрыклад, каля 150 новых працоўных месцаў былым рабочым „Fiat Auto Poland” прапануе Кракаўскі тэхналягічны парк. Дапамагчы гатовая таксама Катавіцкая адмысловыя эканамічныя зона.

Звальненьні на Тыскім аўтазаводзе - гэта вынік катастрафічнай сытуацыі ўсяго эўрапейскага аўтамабільнага рынку, куды „Fiat Auto Poland” экспартуе сваю вытворчасьць. Па дадзеных ACEA - арганізацыі вытворцаў аўтамабіляў - за мінулы год колькасьць новых зарэгістраваных аўтамабіляў у краінах ЭЗ зьнізіўся ў параўнаньня з 2011 годам на 8%. Гэта самы нізкі ўзровень за апошнія 17 гадоў.

Продаж аўтамабіляў у Італіі, куды польскі завод прадае большасьць сваёй вытворчасьці, панізіўся на 22,5% .

аз

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт