Logo Polskiego Radia
Print

Дашкевіч і Лобаў: два гады за кратамі

PR dla Zagranicy
Alena Vialichka 18.12.2012 11:45
  • Дашкевіч і Лобаў два гады за кратамі.mp3
Сёньня Дашкевіч павінен быў выйсьці на волю.
fot. Flickr/radio.svaboda.orgfot. Flickr/radio.svaboda.org

fot.
fot. Flickr/radio.svaboda.org

Сёньня, 18 сьнежня 2012 г., спаўняецца два гады з моманту арышту актывістаў "Маладога фронту" Зьмітра Дашкевіча й Эдуарда Лобава, з таго часу яны знаходзяцца за кратамі. Сёньня Дашкевіч павінен быў выйсьці на волю.

Лідар «Маладога фронту» Зьміцер Дашкевіч і актывіст арганізацыі Эдуард Лобаў былі затрыманыя ў Менску вечарам 18 сьнежня 2010 года, за дзень да прэзыдэнцкіх выбараў.

Паводле інфармацыі ГУУС Менгарвыканкама, у двары жылога дома па вуліцы Янкі Брыля яны нібыта зьбівалі Канстанціна Савіцкага й Алега Малышава. Затрыманьне Дашкевіча й Лобава прадстаўнікі апазыцыі й праваабаронцы расцанілі як прэвэнтыўную меру міліцыі напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 года.

24 сакавіка 2011 г. Дашкевіч быў прыгавораны да 2 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, Лобаў — да 4 гадоў у калёніі ўзмоцненага рэжыму.
«Міжнародная амністыя» прызнала Дашкевіча й Лобава вязьнямі сумленьня.
Сёньня да Зьмітра Дашкевіча езьдзілі адвакат і Наста Палажанка.

Н. Палажанка: Зьміцер сябе добра адчувае. Ён у добрым настроі, нягледзячы на тое, што сёньня сумная дата – чысло, калі б ён мог выйсьці на свабоду. Ён разумее ўсе абставіны, разумее, у якой краіне ён жыве, і што трэба яшчэ пачакаць.

Зьмітру Дашкевічу некалькі разоў мянялі месца знаходжаньня, а сам малады чалавек неаднаразова падвяргаўся ціску ў калёніі. Першапачаткова лідар «Маладога фронту» адбываў пакараньне ў калёніі ў Горках (Магілёўская вобласьць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласьць).

Сёньня Зьміцер Дашкевіч павінен быў выйсьці на волю, але 28 жніўня 2012 г. Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным пасяджэньні ў калёніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у злосным непадпарадкаваньні патрабаваньням адміністрацыі калёніі й прысудзіў яго дадаткова да года пазбаўленьня волі.

У тэрмін пакараньня ўключаны чатыры месяцы, якія апазыцыянэру заставалася адбыць у калёніі па першай крымінальнай справе. Зьміцер некаторы час утрымліваўся ў Мазыры, а затым быў пераведзены ў Гарадзенскую турму.

Павал Усаў адзначае – Дашкевіч і Лобаў, калі б яны выйшлі на свабоду, маглі б быць апазыцыйнымі лідарамі. Палітоляг называе тры прычыны, чаму да маладых людзей прыменена такое моцнае пакараньне й адбываецца безупынны ціск.

П. Усаў: «Малады фронт» зьяўляўся й зьяўляецца адной з найбольш радыкальных моладзевых арганізыцый. Ім характэрны радыкальны падыход да вулічных акцый. Для ўлады такая радыкалізацыя моладзевых рухаў аказалася небясьпечнай. Таму адбылася такая арганізаваная правакацыя супраць іх, такі моцны прысуд. Гэта павінна было застрашыць іншых актывістаў і іншыя арганізацыі. Па-другое, улады гандлююць палітзьняволенымі. Дашкевіч, Лобаў і іншыя – гэта апошні козыр у руках улады. І трэці момант: яны не падпісалі прашэньне б памілаваньні. Калі б Дашкевіч выйшаў, не падпісаўшы прашэньня аб памілаваньні, то гэта была б яго маральная перамога. Гэтага ўлада таксама дазволіць ня можа. На фоне іншых палітыкаў, якія падпісалі прашэньні, яны б мелі перавагу й лічыліся б сапраўднымі апазыцыйнымі лідарамі.

Эдуард Лобаў знаходзіцца ў калёніі № 22 у Івацэвічах.

ав/Наша Ніва

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт