Logo Polskiego Radia
Print

Другое экспазэ Туска

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 12.10.2012 15:27
Туск пайшоў ва-банк і прадставіў свае пляны на абмеркаваньне, каб папрасіць вотум даверу ў дэпутатаў Сэйму.

/

Партыя "Грамадзянская плятформа" кіруе Польшчай ужо каля 5 гадоў. Столькі ж часу на пасадзе прэм’ер-міністра знаходзіцца Дональд Туск. Сёньня ён прадставіў у парлямэнце гэтак званае другое "экспазэ" – так называецца важная прамова высокапастаўленай дзяржаўнай асобы, у якой утрымліваюцца падсумаваньні зьдзейcьненага й найважнейшыя пляны на бліжэйшы час. Першае экспазэ прагучала адразу пасьля ўступленьня Туска на пасаду.

Нядаўна "Права й справядлівасьць" – галоўная апазыцыйная партыя – выступіла з прапановай стварыць тэхнічны Кабінэт міністраў, які б заняўся вырашэньнем набалелых праблемаў краіны, паколькі ўрад Туска не спраўляецца са сваім заданьнем. Таму Туск пайшоў ва-банк і прадставіў свае пляны на абмеркаваньне, каб папрасіць вотум даверу ў дэпутатаў Сэйму.

На думку камэнтатараў, самыя цікавыя й нечаканыя прапановы экспазэ Туска – гэта падоўжаньне дэкрэтных водпускаў ды стварэньне адмысловай установы, якая павінна фінансаваць польскія інвэстыцыі. Увогуле прэм’ер-міністар сканцэнтраваў увагу на дзьвюх найважнейшых справах – палітыцы падтрымкі сям’і ды эканоміцы. Дэкрэтны водпуск прапануецца падоўжыць да аднаго году. Цяпер ён складае каля 5 мес. Гэта павінна паўплываць на паляпшэньне дэмаграфічнай сытуацыі.

Д. Туск: Іншай магчымасьці хутка палепшыць сытуацыю мы ня знойдзем. Гаворка ідзе пра неабходнасьць апекі над малым дзіцём, каб крыху большае дзіця, пасьля году, магло знайсьці месца ў ясьлях. У 2015 годзе мы плянуем поўнасьцю вырашыць праблему месцаў для кожнага дзіцяці ў дзіцячым садку. Іншая справа – цана гэтай паслугі, якая павінна зьмяншацца. Дзеля гэтага мы павялічваем суму фінансавай дапамогі для садкоў – пакуль што гэта 320 млн. злотых у 2013 г.

Пасьля выступленьня прэм’ер-міністра пачалася дыскусія над яго прапановамі. Ня дзіўна, што апазыцыя крытыкуе экспазэ. На думку прадстаўнікоў Права й справядлівасьці, у ім няма канкрэтных плянаў вырашэньня праблем з дэмаграфіяй ці рынкам працы. Балеслаў Пеха зьвяртае таксама ўвагу на праблемы ў службе аховы здарўя і дрэннае разьмеркаваньне дзяржаўных сродкаў.

Б. Пеха: 50% пяцігадовых дзяцей мае карыес зубоў, 80% 15-гадовых дзяцей мае карыес зубоў. Гэта можна было б зьмяніць за невялікую частку сродкаў, якія ідуць на службу аховы здароўя. Але замест кабінэтаў стаматолягаў у школах вы прапануеце футбольныя палі пад замком.

Былы прэзыдэнт Лех Валэнса мяркуе, што выступленьне было добрае, прадстаўлена прафэсійна. Але ня ўсё, на ягоную думку, прэм’ер патлумачыў грамадзтву. Урад павінен шырэй праводзіць інфармацыйную палітыку сваіх прапановаў і рашэньняў – гаворыць былы галава дзяржавы.

Л. Валэнса: Я даўно прапаную, каб урад штодзённа адказваў на пытаньні грамадзян. Выступленьне прэм’ера, на маю думку, было добрым, але не адказала на ўсе пытаньні. Хаця я не чакаў, што прэм’ер скажа больш, паколькі вырашэньне астатніх справаў знаходзіцца ў руках міністраў.

Прэм’ер-міністар стаў Сьвятым Мікалаем, які ў кастрычніку, а не на сьвяты, прапануе шматмільярдныя падарункі палякам. Гэтак выказваньне Туска ацэньвае палітоляг Ольгерд Аннусэвіч. Экспэрт мяркуе, што прэм’ер сьвядома пазьбягаў словаў пра неабходнасьць зацягваць паясы, паколькі аб гэтым не жадаюць слухаць выбарцы. Экспэрт зьвяртае ўвагу на тое, што частку “падарункаў” і так “купіць” электарату не дзяржава, а хтосьці іншы.

О. Аннусэвіч: Ці гэта сапраўды кастрычніцкі Сьвяты Мікалай? Так. Але, падумайма, ці мы хацелі б пачуць, што трэба зацягнуць пояс, але толькі на адну дзірку? Зразумела, што ніхто ня хоча пра гэта слухаць. Лепш пачуць прапанову падоўжыць дэкрэтны водпуск. Тым больш, што за гэтыя гадавыя дэкрэтныя водпускі заплаціць не ўрад, а заплацяць прадпрымальнікі.

Асьцярожна да прапановаў прэм’ер-міністра падыходзяць эканамісты. Яны кажуць, што старшыня Кабінэту міністраў не прадставіў падчас выступленьня, адкуль урад возьме грошы, якія намераны прызначыць на эканамічны рост.

Цяпер у сэйме працягваецца дыскусія на тэму прапановаў прэм’ер-міністра, а пазьней дэпутаты прагаласуюць за вотум даверу ўраду Дональда Туска.

нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт