Logo Polskiego Radia
Print

11 лістапада 1918 году пачаўся складаны працэс будаваньня Польшчы

PR dla Zagranicy
Natalia Szymkowiak 09.11.2018 15:16
  • будаўніцтва дзяржавы.mp3
Польскія землі былі пад панаваньнем трох імпэрый, неабходна было правесьці працэс уніфікацыі розных устаноў.
Мапа Польскай Рэспублікі ў сярэдзіне лістапада 1918 г.Мапа Польскай Рэспублікі ў сярэдзіне лістапада 1918 г.www.wikipedia.org/CC BY-SA 4.0/Мaciej Szczepańczyk

Абвяшчэньне незалежнасьці польскай дзяржавы 11 лістапада 1918 году – гэта быў толькі пачатак складанага працэсу будаваньня Польшчы з трох лапікаў. Польскія землі былі да гэтага часу пад панаваньнем трох імпэрый, таму неабходна было правесьці працэс уніфікацыі розных устаноў. Тым ня менш, гэта не пужала палякаў, якія прывіталі незалежнасьць зь вялізным энтузіязмам.

Больш за сто гадоў на мапе Эўропы не было польскай дзяржавы. Тысячы людзей у выніку падзелаў Рэчы Паспалітай паміж трыма імпэрыямі былі прымушаныя пакінуць сваю краіну, тысячы загінулі ў вызвольных паўстаньнях супраць акупантаў. І калі ўрэшце 10 лістапада 1918 году на вакзале ў Варшаве выйшаў з цягніка маршал Юзэф Пілсудскі, палякаў ахапіла вялізная радасьць, энтузіязм. Ужо нейкі час усе жылі прадчуваньнем вялікай падзеі, паколькі вядома было, што два зацятыя ворагі Польшчы – Расея і Нямеччына – страцілі за шмат крыві ў сусьветнай вайне, каб далей трымаць у аковах польскія землі, але цяпер гэта стала фактам – Польшча зноў стала дзяржаваю. Гісторык прафэсар Анджэй Новак адзначае, што ва ўспамінах сучасьнікаў тых падзей адчуваецца вялізны энтузіязм і радасьць.

А. Новак: Прыцягвае ўвагу гэтае пачуцьцё энтузіязму, ашаламленьне тым фактам, што раптам няма чужой улады. Людзі скідваюць чорнага арла, сымбалі Габсбургаў. Няма нянавісьці да акупантаў, паколькі яны цяпер у лягеры прайграных. Інцыдэнты нападаў на нямецкіх ці аўстрыйскіх паліцэйскіх здараюцца рэдка. Дамінуе адчуваньне, што здарылася нешта цудоўнае. Канешне, усе ведалі, што гэты момант набліжаецца, але цяпер ён стаў фактам. І цяпер мы можам нешта зрабіць з гэтай рэальнай незалежнасьцю.

Пакуль палякі змагаліся за незалежнасьць, то ўсе сілы былі кінутыя на тое, каб яе вярнуць. Але тады, калі гэта стала фактам, аказалася, што розныя палітычныя сілы па-рознаму ўяўляюць сабе, як павінна выглядаць польская дзяржава і хто павінен ёй кіраваць. Адразу пасьля 11 лістапада пачалася нарада маршала Юзэфа Пілсудскага з прадстаўнікамі розных сілаў на тэму фармаваньня ўраду. Аказалася, што ім вельмі цяжка дамовіцца. Вось як успамінаў гэты час першы сакратар Рады міністраў Другой Рэчы Паспалітай Станіслаў Хэлчыньскі:

С. Хэлчыньскі: 11 лістапада Польшча стала незалежнай, на наступны дзень я прачнуўся ўжо ў свабоднай Варшаве. У гэты дзень прыбыў у сталіцу з Любліна Ігнацы Дашыньскі. Ён згадзіўся распусьціць Люблінскі ўрад і падпарадкавацца Пілсудскаму. Пілсудскі вёў перамовы з прадстаўнікамі ўсіх, нават самых дробных палітычных сілаў. Паседжаньне адбывалася ў палацы Кронэнбэрга, працягвалася тры дні. Першы паверх быў запоўнены людзьмі, якія абселі ўсе абшытыя чырвоным шоўкам крэслы з пакрытымі золатам падлакотнікамі. Гэта былі дэлегаты розных груповак. Праз тры дні Пілсудскі заявіў, што яму не ўдалося знайсьці кампраміс, і таму ён прымае рашэньне самастойна – урад сфармуе Дашыньскі. Калі аказалася, што Дашыньскі ня можа сфармаваць урад, Пілсудскі даручыў гэтую місію Марачэўскаму. 18 лістапада польская дзяржава зноў мела ўрад.

Ян Кавальскі, дырэктар офіса праграмы «Незалежная» гаворыць, што цяпер прыйшоў кульмінацыйны момант сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці. Тым ня менш, падзеі, зьвязаныя з гэтай знамянальнай датай, будуць адбывацца яшчэ доўга. Стварэньне незалежнай польскай дзяржавы – гэта не была аднаразовая падзея, гэта быў працэс, якія працягваўся гадамі. Трэба ж было «пасшываць» дзяржаву з трох лапікаў – зямель, якія раней знаходзіліся пад панаваньнем трох імпэрый.

Я. Кавальскі: Сьвяткаваньне сотай гадавіны абвяшчэньня незалежнасьці польскай дзяржавы мы трактуем таксама, як той працэс, які адбываўся роўна сто гадоў таму. Гэта быў працэс будаваньня дзяржавы. Уявіце сабе, што сто гадоў таму Польшча будавалася з трох кавалкаў, розных тэрыторый, якія былі пад уладай розных дзяржаў. Я прывяду толькі адзін прыклад: трэба было зьяднаць тры розныя чыгункі. Гэта былі тры розныя памеры рэек, тры розныя ўзоры пэронаў, усё гэта трэба было прывесьці да аднаго ўзору. І таму мы хочам на працягу сьвяткаваньня гадавіны паказаць таксама сто гадоў дзяржаўных устаноў – Інстытуту гігіены, Патэнтавага ўпраўленьня, польскага банку.

Цяпер, праз сто гадоў пасьля абвяшчэньня незалежнасьці польская дзяржава функцыянуе ўжо цалкам эфэктыўна. Хаця да гэтага часу палякі ня могуць дагнаць па эканамічным разьвіцьці заходнія краіны, што зьяўляецца вынікам як 123 гадоў няволі, так і некалькіх дзясяткаў пасьляваенных гадоў, калі Польшча была прымушана падпарадкоўвацца «вялікаму брату» – Савецкаму Саюзу.

І Пр. ПР/нг

Print
Copyright © Polskie Radio S.A Пра нас Кантакт