Каталіцкі касьцёл у Польшчы заклікае палякаў стрымацца нейкі час ад спажываньня сьпіртных напояў. У чарговы раз Эпіскапат Польшчы аб’явіў жнівень месяцам цьвярозасьці, але сёлета добраахвотная адмова ад алькаголю павінна працягвацца даўжэй, што зьвязана з сотай гадавінай абвяшчэньня незалежнасьці дзяржавы.
Кожны год прадстаўнікі каталіцкага касьцёла ў Польшчы заклікаюць жыхароў краіны стрымацца ад спажываньня сьпіртных напояў у жніўні. Сёлета акцыя пад назваю «Жнівень – месяц цьвярозасьці» адбываецца ўжо 34-ты раз. Але ў гэтым годзе яе аўтары заклікаюць да большага – адмовіцца ад гарэлкі ды іншых напояў «з градусамі» не цягам месяца, а больш чым трох месяцаў, а дакладна – роўна сто дзён. Нагадаем, сотая гадавіна дзяржаўнай незалежнасьці будзе адзначацца ў Польшчы 11 лістапада.
«З 4 жніўня па 11 лістапада – роўна сто дзён. Гэта для нас, палякаў, праверка, ці мы ўмеем нечым ахвяраваць, ад нечага адмовіцца, каб паклапаціцца пра сапраўдную, унутраную свабоду. Статыстыкі спажываньня алькаголю ў краіне вельмі трывожныя», – адзначае старшыня Групы апостальства цьвярозасьці Эпіскапату Польшчы біскуп Тадэвуш Бранакоўскі.
Т. Бранакоўскі: Калі наша дзяржава стала незалежнай сто гадоў таму, спажываньне сьпіртных напояў складала ад аднаго да трох літраў сьпірту на душу насельніцтва. Цяпер жа гэта 10 літраў. З праблемай празьмернага спажываньня алькаголю змагаецца каля 15% палякаў. у гэтай групе спажываньне на аднаго чалавека дасягае нават 35 літраў чыстага сьпірту ў год. У нашай краіне жыве адзін мільён чалавек, у якіх назіраецца залежнасьць ад алькаголю і тры мільёны людзей, якія п’юць рызыкоўна, шкодзяць свайму здароўю, гэта значыць асоб, якія злоўжываюць сьпіртным.
Алькаголь паўсюль спадарожнічае нам у жыцьці. Грамадзтва да яго прывыкла, людзі лічаць сьпіртное звычайным спажывецкім таварам. Тым часам алькаголь – гэта наркотык. Пры чым вельмі небясьпечны наркотык, паколькі яго прадаюць легальна, без вялікіх абмежаваньняў, – падкрэсьлівае біскуп Тадэвуш Бранакоўскі.
Т. Бранакоўскі: Неабходна значна абмежаваць фізычную даступнасьць алькаголю, а таксама магчымасьць яго рэклямаваць. Сьпіртное – гэта наркатычнае рэчыва. Тым часам у сродках масавай інфармацыі цягам двух з паловай тысяч гадзін ідзе рэкляма піва. У 90-ыя гады, калі па тэлебачаньні нельга было рэклямаваць піва, палякі ў сярэднім спажывалі 30 літраў піва на душу насельніцтва, цяпер – 100 літраў на аднаго чалавека. Сусьветная арганізацыя аховы здароўя рэкамэндуе, каб на тысячу жыхароў прыходзіўся на больш чым адзін пункт па продажу алькагольных напояў, у Польшчы адзін пункт прыходзіцца на 250-270 чалавек.
Група апостальства цьвярозасьці, якая зьвяртаецца да палякаў з заклікам вытрымаць сто дзён без сьпіртнога, адзначае таксама, што ў выніку злоўжываньня алькаголем немагчыма дасягнуць у Польшчы многія пастаўленыя задачы на дзяржаўным узроўні. Гэта як паляпшэньне бясьпекі дзяржавы і сем’яў у шматлікіх галінах, эканамічны рост, так і паляпшэньне стану здароўя жыхароў краіны. Каталіцкі касьцёл нагадвае, што клопат пра цьвярозасьць палякаў быў прыярытэтам для многіх дзяржаўных дзеячаў у Польшчы, вялікіх патрыётаў сваёй Айчыны. Ёсьць нямала прыкладаў асоб і цэлых сем’яў, якія адмаўляюцца ад спажываньня алькаголю, ладзяць безалькагольныя вясельлі ды іншыя сямейныя ўрачыстасьці. Так што можна пайсьці насуперак дрэннай традыцыі і добра бавіцца без градусаў, але да цьвярозасьці цэлага народа яшчэ вельмі далёка. Перад людзьмі ставіцца нялёгкая задача – пражыць 100 дзён без гарэлкі, і нават без піва, але гэта магчыма, трэба толькі спрабаваць.
ІАР ПР/нг